Беларусь-Брусель: мінімум аддаць — максімум атрымаць
Перш чым пралічваць выгады ад трэцяга кроку насустрач, пакуль пралічваюць свае страты ад кроку першага.
Брусель і Мінск пачалі актыўна абменьвацца “эмісарамі”. Выглядае на тое, што набліжаецца чарговае пацяпленне. Трэба толькі прыбраць “невялікія” перашкоды: ЕС хоча, каб на свабоду выйшлі палітзняволеныя, Беларусь — каб былі скасаваныя спісы неўязных у ЕС чыноўнікаў.
Напрыклад, гэты два першыя крокі. А які будзе трэцім? Вось гэта, упэўнены лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, і трэба сумесна вырашыць кіраўніцтву Беларусі і Еўрасаюза.
Аляксандр Мілінкевіч: “Тут гульня даволі складаная будзе: мінімум аддаць — максімум атрымаць для беларускай улады. Трэба распрацоўваць пакрокавае набліжэнне, павінна быць прапісана, што мае зрабіць па дэмакратызацыі, па лібералізацыі, у эканамічным жыцці, палітычным жыцці беларускі бок. І адначасова — што павінен зрабіць Еўрасаюз і не толькі: ЕС хоць і не распараджаецца рашэннямі МВФ, але ўплывае”.
Ніякай стратэгіі, ці, як кажуць палітыкі, “дарожнай мапы”, што рабіць сёння, а што — заўтра ў наладжванні адносінаў паміж Беларуссю і ЕС, у Бруселі няма. Пісаць гэтую праграму давядзецца з нуля, згодная кіраўніца брусельскага офіса “За дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская.
Вольга Стужынская: “Было б больш актыўным уключэнне Беларусі ў самыя розныя праграмы, што праводзяцца ў межах “Усходняга партнёрства”, быў бы больш паўнавартасны ўдзел у саміце ў Вільні ўвосень”.
Магчыма, разважае кіраўніца брусельскага офіса, беларускія ўлады нават пагодзяцца вярнуцца да абмеркавання пытання наконт змяншэння для беларусаў кошту шэнгенскіх віз. Але чым заўтра можа зацікавіць “Усходняе партнёрства” ці “Дыялог па мадэрнізацыі Беларусі”, калі не зацікавіла ўчора? Брусель ніколі не зможа прапанаваць Мінску столькі грошай, колькі можа прапанаваць Масква, упэўненая Вольга Стужынская. Але і гэтыя “Партнёрства” ды “Дыялог” могуць быць Беларусі цікавыя. Чым? Тым, па што ў Еўрасаюз звяртаюцца і Расія, і Кітай, лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
Аляксандр Мілінкевіч: “Без Еўрасаюза мы не атрымаем новых тэхналогій, без Еўрасаюза не будзе праграм навучання спецыялістаў — гэта вельмі важная функцыя. І рэформы глыбокія структурныя эканомікі без Еўрасаюза мы не зробім — будзе проста замена абсталявання на заводах, як сёння Лукашэнка разумее. Але гэта зусім не рэформы, а паляпшэнне тэхнічнай базы!”.
Іншая справа, ці дойдзе пацяпленне паміж Мінскам і Бруселем да “трэцяга кроку”. У Вольгі Стужынскай на гэты конт вялікія сумневы.
Вольга Стужынская: “Адносіны з Беларуссю зайшлі ў нікуды. “Хто зробіць першы крок?” — гэта і ёсць пытанне. Бо ні Еўрасаюз, ні беларускі бок не хочуць, у іх разуменні, страціць аблічча”.
А калі нават і зробяць, то, лічыць эксперт Фонда Маршала Павол Дэмеш, сэнсу складаць “пакрокавую стратэгію развіцця адносінаў з Беларуссю” няма.
Павол Дэмеш: “Рабіць “дарожную мапу” з краінай, якая мае характар дыктатуры, вельмі цяжка. Беларуская ўлада непрадказальная, а Лукашэнка ўжо шмат разоў паказваў, як адмяняе абяцанае. Рабіць “дарожную мапу” можна з краінай прадказальнай, а Беларусь сёння такой краінай не з’яўляецца”.
Візіты еўрапейскіх палітыкаў у Беларусь і наадварот Дэмеш называе касметычнымі крокамі, якія ні пра што не сведчаць. Адмаўляцца ад патрабаванняў вызваліць палітвязняў ЕС не збіраецца, як і ад “12 патрабаванняў Еўрасаюза да ўладаў Беларусі”, пра якія даўно ніхто не ўзгадвае. Як лічыць Мілінкевіч, менавіта іх трэба пакласці на распрацаваную з нуля пакрокавую стратэгію.
Фота: www.qwas.ru