Барыса Нямцова ў мінскім аэрапорце памежнікі сустрэлі ўсмешкамі

Больш за тое, расійскаму палітыку на беларускай зямлі не толькі не рабілі перашкод, але і сустрэлі даволі прыязна. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
130424_labedzkapraniamcou.mp3
“У аэрапорце быў такі парад усмешак — пачынаючы ад мытнікаў, міліцыянтаў, таксістаў. І нават засяленне ў гатэль праблем не мела. Так што будзем лічыць, што мясцовыя ўлады негатыўна рэагуюць толькі на мясцовую апазіцыю, мясцовых апанентаў”.

У Мінск сустаршыня расійскай партыі ПАРНАС Барыс Нямцоў прыляцеў для падпісання заявы аб супрацоўніцтве паміж Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і Партыяй народнай свабоды. Ад пачатку для гэтай падзеі АГП планавала арандаваць залу ў адным са сталічных гатэляў, але ад усіх атрымалі адмовы. У якасці тлумачэння ўладальнікі памяшканняў спасылаліся на персону госця — маўляў, гэта не пажаданы ў Беларусі госць.

Па словах Лябедзькі, на сёння ў расійскага апазіцыянера прызначана не толькі афіцыйнае мерапрыемства ў офісе АГП, але і сустрэча з беларускімі палітыкамі і праваабаронцамі, а таксама — з беларускай грамадскасцю.