Апазіцыя гуртуецца, але аб’ядноўвацца пакуль не збіраецца
Як і рабіць чарговай спробы абрання адзінага лідара. Затое лідары апазіцыі нарэшце вызначылі, якія выбары лічыць сапраўднымі.
“У нас няма ілюзій, што мы прымаем гэты мемарандум — і так адразу апазіцыя аб’яднаецца і ўлада прыйдзе ды запрапануе круглы стол. Але мы хочам быць зразумелымі, хочам паказаць, на чым мы стаім”, — пацвярджае ўпэўненасць скептыкаў у тым, што да аб’яднання ўсёй апазіцыі далёка, Аляксандр Мілінкевіч.

Аб сваім імкненні да яднання ў чарговы раз заявілі прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Гэтым разам аб стварэнні “агульнай платформы” заявілі лідары АГП Анатоль Лябедзька, руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў і ад імя лідара “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева — Сяргей Вазняк.
Як тлумачыць Анатоль Лябедзька, пакуль “агульная платформа” базуецца на падмурку ўсяго двух пагадненняў.
Анатоль Лябедзька: “Мы дамовіліся пакуль што, што на базе гэтай платформы мы маем кансенсус па двух важнейшых дакументах. Першы — патрабаванне вызвалення палітычных вязняў. Другі дакумент — пагадненне аб умовах правядзення свабодных выбараў як найважнейшага элемента выхаду Беларусі з сістэмнага палітычнага і эканамічнага крызісу”.

Гэтым разам на шляху аб’яднання не стаіць пытанне вызначэння адзінага лідара.
Аляксандр Мілінкевіч: “Хаця не кепска было б, калі б такі чалавек быў у апазіцыі, усімі прызнаны. Але калі сканцэнтравацца на чарговых выбарах самага прыгожага і самага таленавітага, то мы не тым зоймемся. Калі мы будзем рабіць усе разам — можа з’явіцца такі лідар, якога вызначаць самі людзі, а не мы самі ўпотай”.

Сяргей Калякін ўпэўніў, што і без такога лідара сёння можна вырашыць праблему дэмакратызацыі краіны, Анатоль Лябедзька заявіў, што лідар з’явіцца сам — у выніку супольнай працы, Віталь Рымашэўскі прапанаваў вырашыць гэтае пытанне беларусам, Ігар Лялькоў выказаў сумнеў у неабходнасці такога лідара, а Сяргей Вазняк ад імя Уладзіміра Някляева вырашыў моўчкі пагадзіцца з меркаваннем астатніх.

Паводле слоў удзельнікаў сустрэчы, яны знаходзяцца ў пастаянным кантакце з арганізатарамі “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі” і падтрымліваюць “маўклівыя акцыі”. Праўда, даволі востра прарэагавалі на іх прапанову распусціць усе партыі ды рухі і стварыць агульны “Рух будучыні”.
Сяргей Калякін: “Туды можна ўваходзіць сябрам усіх палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў і беспартыйным грамадзянам. Для гэтага не трэба разбураць тое, што ўжо сёння існуе. Гэта быў бы падарунак уладзе, калі б мы так зрабілі!”

І прапанавалі “рэвалюцыянерам” далучыцца да іх “клуба шасці”. Адначасова палітыкі паабяцалі ўстрымацца ад крытыкі і нападаў на калег па “платформе”. Хоць, кажа Віталь Рымашэўскі, гэта не азначае поўнай недатыкальнасці для крытыкі “сваіх”. Прычым, як “сваіх” з апазіцыі, так і “сваіх” з незалежных СМІ. Выклікаўшы такой пагрозай усмешкі журналістаў.
Віталь Рымашэўскі: “Мы пакідаем за сабой права крытыкаваць не толькі палітыкаў, але і рэдакцыі незалежных выданняў, калі яны будуць парушаць маральна-этычныя нормы. Але толькі ў гэтым выпадку”.

Безумоўна, падпісанне такога “пакта аб ненападзе” — важны элемент у выпадку скаардынаванага ўдзелу апазіцыі ў будучых парламенцкіх выбарах. Але як высветлілася, ці браць у іх удзел і ў якім фармаце, прысутныя кіраўнікі апазіцыйных структур пакуль так і не вырашылі, нягледзячы на тое, што пытанне выбараў стала адным з галоўных у стварэнні “платформы”. Маўляў, ёсць умовы ўладзе, толькі пры выкананні якіх апазіцыя возьме ў выбарах удзел.
Аляксандр Мілінкевіч: “Умовамі мусяць быць вызваленне, без усякіх варункаў, з рэабілітацыяй палітвязняў. Другое — давайце лічыць галасы разам. Вось, дзве ўмовы, хаця іх можна распісаць на тры аркушы. Але калі гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, то я лічу, што апазіцыі не варта хадзіць на выбары”.
У кожным разе, упэўніў Анатоль Лябедзька, рашэнне ўдзельнічаць ці байкатаваць выбары падпісанты "платформы" будуць прымаць разам — аднагалосным рашэннем ці ў той, ці ў іншы бок.

На пытанне Юрыя Хадыкі наконт таго, ці будзе ў створанай "платформы" кіруючы орган і старшыня, Сяргей Калякін абурана заявіў, што яны тут не КПСС ствараць сабраліся. А на пытанне невядомага нікому "журналіста" пра тое, колькі грошай збіраюцца “засвоіць” заснавальнікі платформы на вырашэнне заяўленых мэтаў, Анатоль Лябедзька горда заявіў: "Все магчымыя".


Фота: Змітра Лукашука