Адвакат будуе абарону Кавалёва на абароне... Канавалава

111116 Luka6uk Sud.mp3

У сваім выступе на судзе 15 лістапада адвакат Дзмітрый Лепрэтар заявіў, што следства не даказала вінаватасць Дзмітрыя Канавалава. Прынамсі, датычна выбухаў у Віцебску ў перыяд з 2000 да 2005 года. 


Да такіх высноваў адвакат прыйшоў, прааналізаваўшы выступы сведкаў па тых выпадках і спасылаючыся на адсутнасць у следства ды абвінаваўцаў рэчавых доказаў — рэшткаў выбуховак і экспертыз па іх небяспечнасці.


Што тычыцца выбуху ў 2005 годзе на аўтобусным прыпынку, то адвакат невінаватасць падабароннага выводзіць з высновы эксперта і пазіцыі па гэтым пытанні следства.


Дзмітрый Лепрэтар: “Дзяржаўнае абвінавачванне прасіла не ўлічваць верагоднасць электрычнага спосаба падрыву, бо нібыта ён не заснаваны на вопыце Канавалава. Аднак менавіта аб такім спосабе падрыву сведчыць знойдзеная на месцы спрацоўвання самаробнай выбухоўкі 14 верасня 2005 года батарэйка. Мяркую, што падчас аналізу эксперт зыходзіў з умоў, у якіх быў здзейснены выбух. А менавіта — вялікая колькасць людзей на месцы выбуху. Выкарыстанне ў такіх умовах ватнага кнота не лагічнае, дазваляе відавочцам назіраць за прывядзеннем у дзеянне выбухоўкі, а пасля — заявіць аб здзяйсненні ім супрацьпраўных дзеянняў”.


Таму адвакат заклікае прызнаць Канавалава невінаватым па ўсіх гэтых фактах. З тэрактамі ў Мінску ў 2008 і 2011 гадах Лепрэтар больш асцярожны ў высновах. Найперш, з-за таго, што ёсць прызнаўчыя паказанні Канавалава і сведчанні супраць яго Кавалёва. Таму адвакат скіроўвае свой недавер на паказанні Уладзіслава Кавалёва.


Дзмітрый Лепрэтар: “Кавалёў, гаворачы пра сумку, якую прывёз Канавалаў, указвае на рэчы, які не супадаюць з тым, што кажа Канавалаў, які прызнаў сваю віну па эпізодзе 11 красавіка 2011 года ў поўным аб’ёме. Так, Кавалёў кажа, што бачыў у сумцы мыльніцу з правадамі і кнопкай, пасля ўключэння якой выбухоўка прыводзілася ў гатоўнасць. Канавалаў указвае на тое, што пры вырабе электрычнага ланцуга выкарыстоўваў бяздротавы званок у “родным” корпусе. Кавалёў малюе палажэнне бутэлек у сумцы адрознае ад таго, як іх на следчым эксперыменце паклаў Канавалаў. Кавалёў указвае на наяўнасць нейкага электроннага будзільніка ў якасці страхоўкі, пра што Канавалаў увогуле не кажа. Кавалёў падчас следства мяняе паказанні наконт формы бутэлькі. Высокі суд! Дык якія паказанні Кавалёва абвінавачванне лічыць паслядоўнымі? Якія з іх сапраўдныя?”


Як гэта ні дзіўна, але адвакат Станіслаў Абразей будуе абарону Кавалёва на абароне... Канавалава. І аналізуе галоўны доказ следства — запіс з камер відэаназірання ў метро.


Станіслаў Абразей: “Абвінавачванне не прадставіла суду доказаў, што чалавек з сумкай паставіў сваю сумку менавіта каля лавы. На відэа не бачна, дзе ў перыяд з 17.50 да 17.54 знаходзіцца гэты чалавек і яго сумка. Абвінавачванне не прадставіла суду доказаў, што чалавек з сумкай і Канавалаў — адна асоба. Экспертыза ФСБ не выявіла партрэтнага падабенства. На відэа не бачна, што выбухнула менавіта сумка чалавека ў чорнай шапцы, як і не даказана, што выбухнула менавіта сумка Канавалава. Больш за тое, няма доказаў, што выбухнула менавіта сумка. Больш за тое, не знойдзены пульт, з дапамогай якога, паводле версіі следства, здзяйсняўся выбух”.


І яшчэ шмат доказаў мантажу прадстаўленага суду відэа заўважыў адвакат. І некалькі секунд некуды зніклі, і людзі былі ў адным месцы, а потым узнікаюць у іншым, і мантажныя плямы заўважыў Абразей, і ногі ў аднаго з пасажыраў падчас яго ўзыходжання па лесвіцы.


Ёсць яшчэ адсутнасць на Канавалаве слядоў выбухоўкі, а на яго вопратцы — слядоў выбуху, нягледзячы на тое, што ён заставаўся падчас выбуху ў метро і пыл ды пабелка на яго мусілі патрапіць. На штанах чалавека з відэа няма надпісу, а на штанах Канавалава, паказаных у судзе, — ёсць.


У выніку Абразей робіць выснову: каб не прызнанні Канавалава, то ў следства нічога не было б для суда.


Адказ пракурора Аляксея Стука на аргументы адвакатаў быў кароткі. Адсутнасць пылу і пабелкі на вопратцы Канавалава ён патлумачыў тым, што той падчас выбуху хаваўся за сцяной перахода. А тое, што людзі на відэа некуды знікалі, патлумачыў цікава.


Аляксей Стук: “Людзі маглі дзесьці затрымацца, дзесьці сустрэць знаёмых. Да таго ж, на відэа бачна, што людзі ідуць не спяшаючыся, а калі адбыўся выбух — яны спыніліся, азіраліся, яны не разумелі, у чым справа. І гэта заняло пэўны час іх знаходжання”.


Пасля Стука з апошнім словаў выступае Кавалёў. І чарговы раз кажа, што ўсе свае паказанні ён пісаў пад дыктоўку следчых і пад крыкі Канавалава з суседняга кабінета. А на заканчэнне звяртаецца да людзей у зале з просьбай не верыць у тое, што ён здзейсніў усё, у чым яго абвінавацілі.


Прысуд абвесцяць 30 лістапада. Але пытанняў да следства засталося шмат.

Фота — bymedia.net