Адмыслоўцы сумняваюцца, што апазіцыя прыме іх стратэгіі дзеянняў

Беларускай апазіцыі прапануюць дзве стратэгіі на бліжэйшыя гады: "Стратэгію-2012" палітолага Уладзіміра Мацкевіча і маніфест "Байкот — стратэгія перамогі" палітыка Віктара Івашкевіча. Еўрарадыё даведалася, што адмыслоўцы раяць апазіцыі, і ці ёсць у гэтых дзвюх прапаноў нешта агульнае.

Згодна са словамі Івашкевіча, агульнае ў яго маніфеста і стратэгіі Мацкевіча толькі разуменне неабходнасці правядзення новых дэмакратычных выбараў. А вось далей, кажа, ідуць разыходжанні. І пачынаюцца яны з таго, як гэтых перавыбараў дамагчыся.

Віктар Івашкевіч: “Мацкевіч кажа, што трэба перамовы з уладай. І ў выніку гэтых перамоваў улада згодзіцца, каб прайшлі свабодныя, дэмакратычныя выбары, на якіх беларускі народ мог бы свабодна і дэмакратычна выбраць тую ўладу, якую ён хоча. Вельмі сумнеўна гэта: хто ж гэта ўладу аддае проста так! І тут пытанне ў тым, хто першы просіць аб перамовах. Аб перамовах павінна папрасіць сама ўлада, якая ўбачыць, што яна ў тупіку і не спраўляецца, не выходзіць у яе без апазіцыі вылезці з эканамічных праблем. Але ж улада не запрашае Мацкевіча на перамовы! Таму прапанова Мацкевіча — яна пустая, яна не мае пад сабой глебы рэальнай”.

І таму Івашкевіч называе меркаванне Мацкевіча “стратэгіяй паразы”. На яго ж думку, для таго, каб улада хутчэй сама папрасіла апазіцыю аб перамовах і дапамозе, трэба распаўсюджваць заклікі да Захаду наконт новых эканамічных санкцый супраць рэжыма і да беларусаў — каб хутчэй забіралі валюту з банкаў. І не трэба, кажа, баяцца таго, што ў выніку такіх крокаў рэйтынг апазіцыі сярод людзей зменшыцца.

Віктар Івашкевіч: “Наша роля вызначана — тых крайніх, на якіх паказваюць, што яны ва ўсім вінаватыя. А калі гэта вызначана незалежна ад нашых паводзін, то бессэнсоўна на гэта зважаць. А трэба рабіць тое, што лічым патрэбным. У дадзеным выпадку ўсё адно людзі ўспрымаюць пагаршэнне эканамічнага становішча як віну ўлады. Ну, не ўспрымаюць людзі, што цану на цукар павысіў Саннікаў, які сядзіць у турме”.

Але Уладзімір Мацкевіч не толькі адмаўляе абвінавачванне ў тым, што ён нібыта прапаноўвае “напрошвацца” да ўладаў на перамовы, але і называе пазіцыю “чакання” Івашкевіча "лузерствам".

Уладзімір Мацкевіч: “Ініцыятыва павінна быць на нашым баку. І ўлады павінны рэагаваць на нашы ініцыятывы, а не мы — на іх. Той, хто рэагуе на чужыя ініцыятывы, той прайграе заўсёды. "Лузерскі" гэта падыход — улады павінны праявіць нейкую ініцыятыву! Гэта "лузерства". І ў нас такога няма, што мы напрошваемся да ўладаў на перамовы. Мы паставілі кропку перамоваў — гэта не раней за лета наступнага года, калі падыдзе сітуацыя, дзе ўладам спатрэбіцца пагадненне з намі. І мы да гэтага павінны быць падрыхтаваныя”.

Увогуле маніфест Івашкевіча яго апанент называе не стратэгіяй дзеянняў апазіцыі, а шэрагам заклікаў і лозунгаў.

Уладзімір Мацкевіч: “Тое, што зараз адстойвае Івашкевіч, гэта хутчэй шэраг заклікаў, шэраг канстатацый: што і як. І нейкае спадзяванне на тое, што ці эканамічны крызіс, ці штосьці яшчэ вымусіць людзей выйсці на вуліцу, а потым ужо Івашкевіч з Шушкевічам і Казуліным узначаляць гэты працэс”.

Што ж тычыцца прапановы Івашкевіча заклікаць Захад да санкцый, то, лічыць Мацкевіч, у гэтым наогул няма ніякага сэнсу. Маўляў, Захад і сам добра ведае, як і што яму рабіць у гэтым накірунку. А вось простыя людзі, кажа, такіх “заклікантаў” не зразумеюць.

Як гэта ні дзіўна, і Мацкевіч, і Івашкевіч пагаджаюцца з тым, што іх прапановы можна аб’яднаць у адну праграму. Мацкевіч ўвогуле заявіў, што яны з калегам-апанентам ужо паспелі прыйсці да пагаднення ў гэтым пытанні. Але, кажуць абодва, ёсць адна праблема — ці прымуць апазіцыйныя сілы прапанаваную адмыслоўцамі стратэгію дзеянняў. Да прыкладу, Івашкевіч даволі скептычна ацэньвае верагоднасць гэтага. Кажа, палітыкі пераважна займаюць пазіцыю чакання. І будуюць сваю стратэгію ў адпаведнасці з надзённай сітуацыяй, а не стараюцца прытрымлівацца распрацаванага на гады плана дзеянняў.