22 лютага адбудзецца паседжанне Вярхоўнага суда па скарзе БХД на Мінюст

22 лютага а 10-й гадзіне распачнецца паседжанне Вярхоўнага Суда па скарзе прадстаўнікоў Нацыянальнай Рады БХД на рашэнне аб чарговай адмове Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя".

Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі заявіў, што тры разы партыя змагла правесці ўстаноўчыя з'езды і падаць дакуманты на рэгістрацыю.

"Тры разы нам было адмоўлена па палітычных матывах. Пры гэтым адбываўся моцны пераслед нашых заснавальнікаў, звальненне з працы і выключэнне з вучобы за сяброўства ў БХД.  Зараз у турме КДБ знаходзіцца лідэр партыі Павел Севярынец, таксама да 15 гадоў зняволення пагражае Віталю Рымашэўскаму. Разграбленыя мінскі гарадскі і рэгіянальныя офісы БХД. Але гэта не спыніць Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю. Мы ідзем на гэтае "судзілішча", не спадзяючыся на літасць рэжыму, але для таго, каб засведчыць, што за намі праўда", - сказаў Садоўскі.

Акрамя Дзяніса Садоўскага заўтра ў судзе БХД будзе прадстаўляць былы кандыдат ў прэзідэнты, сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі.

Прадстаўнікі БХД будуць патрабаваць абавязаць Мінюст ажыццявіць дзяржаўную рэгістрацыю БХД, паведамляе прэс-служба партыі.