19 снежня “Макдональдс” не працаваў па загадзе Мінгарвыканкама (фота)
Рэстаран не мае аніякіх прэтэнзій да Дзмітрыя Вуса і не ведае адкуль узялася лічба ў 8,4 мільёны рублёў нібыта “недаатрыманага прыбытку”.
Еўрарадыё патэлефанавала ў “Макдональдс” і папрасіла патлумачыць пазоў ў памеры 8,4 мільёны рублёў да былога кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Вуса. Як ніяк, а гэта 2 тысячы 700 гамбургераў!
“Ніякіх пазоваў кампанія “Макдональдс” грамадзяніну Вусу не вылучала”, – запэўнівае Артур Юран, кіраўнік па маркетынгу і сувязях з грамадскасцю кампаніі “Мадональдс”.
Няўжо гэта сам былы кандыдат у прэзідэнты прыдумаў гэтую гісторыю з мільёнамі? Запытаемся ў Дзмітрыя Вуса.
“У мяне ў пастанове аб крымінальнай справе напісана: недаатрыманы прыбытак “Макдональдса” ў памеры 8 мільёнаў 400 тысяч рублёў. Больш я нічога не ведаю”, – кажа Дзмітрый Вус. – Даслоўна: выпушчаная выгада “Макдональдса”.
Cам “Макдональдс” пра ніякую “выпушчаную выгаду” ні сном, ні духам. Але як даведалася Еўрарадыё ў той дзень – 19 снежня – на дзвярах вісела аб’ява аб скарачэнні графіка працы да 20.00. Нагадаем, што Вус у шэрагу іншых кандыдатаў і мітынгоўцаў апынуўся непадалёк значна пазней.
Пра аб’яву нам распавядае актыўны наведвальнік фабрыкі фастфуду мінчанка Галіна: “Мы хацелі зайсці ў “Макдональдс”, каб выпіць гарбаты. І на дзвярах вісела такая аб’ява. Напісана так было: “Уважаемые посетители! В связи с постановлением Главного управления потребительского рынка Минского городского исполнительного комитета19.12.10 ресторан работает до 20.00. Администрация”.
Галіна з сябрамі, што называецца, “пацалавала дзверы” і засталася без гамбургера з бульбай фры.
Прадстаўнік “Макдональдса” Артур Юран не аспрэчвае факт скарачэння графіку працы менавіта ў той дзень.
“Скарачэнне графіка было. Так, з 20.15 наведвальнікі ўжо не мелі доступу ў рэстаран, – кажа ён і тлумачыць: Справа ў тым, што асноўная задача рэстаранаў “Макдональдс” – клопат аб камфорце і бяспецы нашых наведвальнікаў. Таму, ў сувязі з вялікім натоўпам 19 снежня ў раёне будынка па праспекце Незалежнасці, 23, кіраўніцтва кампаніі прыняла рашэнне зачыніць рэстаран раней усталяванага графікам часу”.
Не выключана, што пасля афіцыйнай заявы “Макдональдса” віртуальныя грошы з крымінальнай справы Вуса знікнуць туды, адкуль з’явіліся.