Рэчыцкія ратавальнікі пацвердзілі пралёт расійскага дрона над горадам

Дрон, ілюстрацыйнае фота / Reuters
У Рэчыцкім райаддзяленні па надзвычайных сітуацыях пацвердзілі пралёт расійскага ўдарнага дрона над горадам на нізкай вышыні. Афіццыйных каментароў наконт гэтага дагэтуль няма.
Здарэнне адбылося ў нядзелю, 1 чэрвеня. Сотні гараджан сталі сведкамі, як над цэнтрам горада паміж 9-й і 10-й гадзінамі раніцы лятаў і манеўраваў ударны дрон.
Выданне "Флагшток" затэлефанавала ратавальнікам ад імя мясцовага жыхара, каб спытаць, чаму ведамства не паведаміла пра пагрозу.
"Гэтую справу не спрагназуеш, і інфармаваць папярэдне тут ніяк не атрымаецца. І тады ніхто не пацярпеў, ён проста лятаў", — адказалі ў МНС. На пытанне, чаму не ўключылі сігнал паветранай небяспекі, дзяжурны МНС заявіў: "Калі будзе неабходнасць, усё будзе ўключацца". І дадаў, што трывогу ўключаць па камандзе.
Куды дзеўся дрон, які лятаў над Рэчыцай 1 чэрвеня, у МНС не адказалі — такімі звесткамі, маўляў, не валодаюць.
У аддзеле ідэалагічнай работы райвыканкама заявілі, што пра беспілотнік нічога не бачылі і не чулі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.