Расійская ракета ў Кіеве трапіла ў пад'езд жылога дома

Дом у Саломенскім раёне Кіева пасля бамбавання / Сергій Мавенка
У ноч на 17 чэрвеня расійскія войскі нанеслі масіраваныя ўдары па Кіеве ўдарнымі дронамі, а таксама ракетамі розных тыпаў. Як паведамілі гарадскі галава Віталь Клічко і кіраўнік КМВА Цімур Ткачэнка, выбухі адбываліся ў розных раёнах украінскай сталіцы.
Дроны пачалі атакаваць Кіеў яшчэ позна ўвечары 16 чэрвеня, адзначае hromadske.ua. Тады фіксавалі выбухі ў Саломенскім, Дарніцкім і Святошынскім раёнах горада.
У Саломенскім раёне ад абстрэлаў акупантаў пашкоджаны два жылыя дамы. Па словах Ткачэнкі, там пацярпелі 18 чалавек, 6 з якіх шпіталізавалі.
У іншы шматкватэрны дом у тым жа раёне трапіла балістычная ракета. Яна цалкам разбурыла пад'езд.
Таксама вядома пра пашкоджанні інтэрната Нацыянальнага авіяцыйнага ўніверсітэта. А ў Шаўчэнкаўскім раёне ў выніку абстрэлу пачаўся пажар на верхніх паверхах жылога дома.
Паводле папярэдніх звестак, у Кіеве ў выніку расійскай атакі загінулі 14 чалавек, каля 60 атрымалі раненні.
Паводле інфармацыі Цімура Ткачэнкі, у ноч на аўторак расіяне абстралялі Кіеў 175 дронамі, больш як 14 крылатымі і прынамсі 2 балістычнымі ракетамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.