Расіянку, якую вінавацяць у паклёпе на Лукашэнку, у СІЗА наведаў дыпламат
Ірына Вікхольм чакае суда ў СІЗА горада Брэста
Супрацоўнік расійскай дыпмісіі ў Беларусі наведаў у брэсцкім СІЗА Ірыну Вікхольм. 58-гадовая расіянка была затрыманая ў Беларусі. Яе абвінавачваюць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку.
Сама Вікхольм аб дапамозе пасольства не прасіла. Аб тым, што яна затрыманая, расійскія дыпламаты даведаліся ад беларускага боку, вырашылі сустрэцца.
"Мы запыталі консульскі доступ, і прадстаўнікі генконсульства РФ у Брэсце сустракаліся з гэтай грамадзянкай", — цытуе прэс-сакратара пасольства Расіі ў Беларусі Аляксея Маскалева агенцтва Sputnik.
Скаргаў на здароўе не было, адвакат у яе ёсць, распавёў таксама Маскалеў. Паводле яго слоў, Ірыне Вікхольм аказваецца ўся неабходная консульская дапамога.
Пра затрыманне расіянкі стала вядома 2 верасня, калі брэсцкая пракуратура накіравала яе справу ў суд. Паведамлялася, што 23 траўня Ірына Вікхольм са свайго мабільнага тэлефона размясціла ў Twitter фота Лукашэнкі і пост пра тое, што ён здзейсніў "акт тэрарызму і авіяпірацтва". Так яна адрэагавала на прымусовую пасадку ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" самалёта авіякампаніі Ryanair. Борт ішоў з Афін у Вільню. Пасля таго як самалёт сеў у Мінску, былі затрыманыя двое пасажыраў: блогер Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына Сафія Сапега.
Падчас папярэдняга следства Ірына Вікхольм сваю віну не прызнала. Яе ўзялі пад варту. Жанчыне пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.