Расіяне зноў абстралялі Днепр, ёсць загінулыя і параненыя — 245-я раніца вайны
Расійскі снарад трапіў у аўтастанцыю ў Дняпры / @dnipropetrovskaODA
Два чалавекі загінулі, чацвёра параненыя ў выніку вячэрняга абстрэлу Дняпра. "Гэта былі трагічныя паўсутак", напісаў раніцай у Telegram кіраўнік Днепрапятроўскай вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.
Параненыя — дзве жанчыны і двое мужчын, яны ў бальніцы. Трое ў цяжкім стане. Акрамя таго, пад абстрэлам быў Нікапальскі раен вобласці. Людзі не пацярпелі, але “ёсць разбурэнні, зламаная лінія электраперадач. Больш за 600 сем'яў засталіся без электрычнасці", распавядае Разнічэнка.
Кіраўнік Офіса ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Ярмак кажа, што сярод загінулых у Дняпры была цяжарная жанчына. "Трусы і ваенныя няўдачнікі забіваюць грамадзянскіх. Іншыя няўдачнікі з Ціктоку заклікаюць "спальваць" украінцаў. Адказнасць за гэта будзе максімальна жорсткай", — папярэдзіў Ярмак.
Учора ўдзень расіяне 12 разоў абстралялі тэрыторыю Сумскай вобласці, выпусцілі 106 розных снарадаў па сямі памежных грамадах. Пра гэта піша старшыня Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі. Расіяне стралялі з артылерыі, мінамётаў, а таксама скідалі выбуховыя прылады з беспілотніка. Абышлося без ахвяр.
А на поўдні Украіны расійскія войскі ўчора спрабавалі прарваць пазіцыі ўкраінскіх узброеных сіл. Наступы былі адбітыя, паведамляюць у аператыўным камандаванні "Поўдзень". У прыватнасці, у другой палове дня расіяне двойчы спрабавалі прарваць украінскія пазіцыі. Дзейнічалі сіламі да ўзвода на розных напрамках.
"Быў дадзены стралковы бой. Напады адбітыя, адна БМП знішчана, праціўнік адступіў з стратамі", — паведаміла аб выніках баёў камандаванне. Па словах камандавання, сітуацыя на паўднёвым фронце застаецца стабільна напружанай, але кантраляванай.
Расіяне не пакідаюць спробаў наступаць і ў Данецкай вобласці — у Бахмуцкім і ў Аўдзееўскім кірунках. "За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах паселішчаў Іванград, Бахмут, Бахмуцкае, Саледар, Курдзюмаўка, Краснагораўка, Новаміхайлаўка, Невельскае і Цярновае", — гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба УСУ. Паведамляецца таксама пра беларускую дапамогу агрэсару — "пагроза ракетных удараў і прымянення ўдарных БПЛА па тэрыторыі Украіны захоўваецца".
Расія запрасіла адразу два пасяджэння Савета Бяспекі ААН: аб "біалабараторыі ва Украіне" і пра абвінавачванні з нагоды паставак іранскіх беспілотнікаў. Пра гэта паведамляе РБК. Нагадаем, у Маскве з пачатку вайны актыўна эксплуатуюць ідэю "биалабараторый" — у прыватнасці, расійскае Мінабароны сцвярджала, што ўкраінцы "пад кіраўніцтвам ЗША" распрацоўваюць праект па распаўсюджванню небяспечных вірусаў пры дапамозе мігруючых птушак.
Тым часам новы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак падчас тэлефоннай размовы з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім заявіў пра гатоўнасць і далей падтрымліваць Украіну.
"Прэм'ер-міністр заявіў, што падтрымка Украіны Вялікабрытаніяй падчас яго прэм'ерства будзе такой моцнай, як ніколі, і прэзідэнт Зяленскі можа разлічваць на далейшую салідарнасць з боку брытанскага ўрада", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка брытанскага ўрада.
Рышы Сунак падзякаваў Зяленскаму за віншаванні з прызначэннем і выказаў надзею, што ў бліжэйшы час яны сустрэнуцца асабіста. Сам Зяленскі распавёў у вячэрнім відэазвароце, што запрасіў Сунака наведаць Украіну. Паводле яго слоў, ініцыятарам размовы быў брытанскі прэм'ер, і яго першы званок адбыўся менавіта ва Украіну.
Дадатковую дапамогу Украіне акажа Германія. Пра гэта заявіў нямецкі прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер пасля сустрэчы ўчора з Уладзімірам Зяленскім, паведамляе "Інтэрфакс-Украіна". Германія перадасць Украіне дадаткова дзве сістэмы залпавага агню MАRS і чатыры гаўбіцы. Таксама Германія працягне пастаўляць сістэмы супрацьпаветранай абароны. Штайнмаер, таксама пагадзіўся з Зяленскім, што "патрэбны справядлівы мір", а "мір, якога хоча Пуцін, можа выклікаць новую вайну", сказаў ён, звяртаючыся да ўкраінскага прэзідэнта.
Сістэма СПА Украіны ў бліжэйшы час будзе ўзмоцнена дзвюма складанымі ўстаноўкамі СПА NASAMS ад ЗША. Іх разгорнуць ўжо ў бліжэйшыя дні. Пра гэта паведамляе Defense News са спасылкай на дырэктара кампаніі-вытворцы Raytheon Technologies Грэга Хейза.