Расія ўхваліла выдачу палітзняволенай Яны Пінчук у Беларусь
Расія ўхваліла выдачу палітзняволенай беларускі Яны Пінчук у Беларусь. Пра гэта яе муж Мікіта Сафронаў расказаў тэлеканалу, прызнанаму ў Беларусі экстрэмісцкім.
"Яне ў СІЗА прыйшла пастанова пра яе экстрадыцыю ў Беларусь. Пакуль яна ўсё яшчэ знаходзіцца ў пецярбургскім СІЗА-5. Адвакаты будуць абскарджваць гэтае рашэнне, але дата суда пакуль не прызначаная", — кажа Мікіта.
24-гадовая Яна Пінчук была затрыманая напрыканцы 2021 года ў Санкт-Пецярбургу. Яна ўжо чатыры гады легальна жыве і працуе ў Расіі. У Беларусь апошні раз прыязджала ў 2020-м.
У Беларусі дзяўчыну вінавацяць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса за адміністраванне тэлеграм-чата "Віцебск 97%" — ён прызнаны экстрэмісцкім. Яне пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Пасля арышту Пінчук папрасіла надаць ёй статус бежанкі. Расійскія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.