Расія нешта рыхтуе ў Беларусі пад выглядам вайсковых вучэнняў — Зяленскі

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / president.gov.ua

Гэтым летам Расія "нешта рыхтуе" ў Беларусі пад выглядам вайсковых вучэнняў. З заявай пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў на саміце Трохмор'я ў Варшаве, у якім удзельнічаў па відэасувязі.

"І паглядзіце на Беларусь: гэтым летам Расія там нешта рыхтуе, прыкрываючыся вайсковымі вучэннямі. Менавіта так звычайна пачынаюцца яе новыя атакі. Але куды на гэты раз? Я не ведаю. Украіна? Літва? Польшча? Крый Божа! Але мы ўсе павінны быць гатовымі", — заявіў украінскі прэзідэнт.

Пры гэтым Зяленскі не прывёў якія-небудзь падрабязнасці і не назваў крыніцу інфармацыі.

У сярэдзіне верасня 2025 года ў Беларусі павінны прайсці чарговыя ваенныя вучэнні — сумесна з Расіяй. Заяўленая колькасць удзельнікаў вучэнняў — каля 13 тысяч чалавек.

Напад на Украіну ў лютым 2022 года адбываўся ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, дзе перад гэтым прайшлі сумесныя беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.