Рада беларускай інтэлігенцыі прапанавала аб'яднацца ва ўсенародны рух
Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай 23 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні рады.
Грамадзянская ініцыятыва "Рада беларускай інтэлігенцыі" прапаноўвае ўсім дэмакратычным структурам — партыям, рухам і грамадскім арганізацыям — аб'явіць мараторый на палітычную канкурэнцыю і аб'яднацца ва ўсенародны рух, паведамляе БелаПАН.
На думку аўтараў заявы, стварэнне руху дазволіць дэмакратычным сілам аб'яднацца дзеля "далучэння ўсіх беларускіх грамадзян, якія жадаюць дэмакратычных перамен у краіне, да патрабавання спынення палітычных рэпрэсій, вызвалення ўсіх палітычных вязняў і адстаўкі Аляксандра Лукашэнка, які незаконна займае пасаду прэзідэнта".
У заяве падкрэсліваецца, што ўсе спробы перашкаджаць кансалідацыі, дзейнічаць сепаратна, шукаць "дыялогу" з уладамі, удзельнічаць у імітацыі выбараў нельга расцэньваць іначай як калабарацыянізм і здраду інтарэсам народа.
Старшыня рады кінарэжысёр і педагог Уладзімір Колас адзначыў, што выбары і падзеі, якія адбыліся 19 снежня 2010 года і пасля, пацвердзілі, што механізм выбараў выкарыстоўваецца ўладамі толькі дзеля імітацыі народнай падтрымкі. Паводле яго слоў, падзеі 19 снежня на сталічнай плошчы Незалежнасці паказалі, што беларускае грамадства даўно саспела да дэмакратычных перамен і заклікае тых, хто прэтэндуе на лідарства ў дэмакратычным руху, да кансалідацыі, мэтанакіраваных і адказных дзеянняў.
Ён паведаміў, што ў найбліжэйшыя дні тэкст заявы будзе ўручаны членам палітсавета Аб'яднаных дэмакратычных сіл.