"Пуцін фактычна адхіліў прапанову поўнага спынення агню" — Зяленскі
Бальніца ў Сумах пасля атакі дрона / t.me/dsns_telegram/
Уначы амаль паўтары сотні "шахедаў", запушчаных з Расіі, атакавалі Украіну, у тым ліку і грамадзянскую інфраструктуру. У Сумах ударны беспілотнік трапіў у лякарню. З будынка эвакуявалі 147 пацыентаў.
"Менавіта такія начныя атакі Расіі руйнуюць нашу энергетыку, нашу інфраструктуру, нармальнае жыццё ўкраінцаў, — піша прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. — І той факт, што гэтая ноч не стала выключэннем, сведчыць, што трэба і далей ціснуць на Расію дзеля міру. Сёння Пуцін фактычна адхіліў прапанову поўнага спынення агню. Было б правільна, каб свет у адказ адхіліў любыя спробы Пуціна зацягнуць вайну".
Зяленскі лічыць, што "толькі рэальнае спыненне Расіяй удараў па грамадзянскай інфраструктуры як сведчанне жадання завяршыць гэтую вайну можа наблізіць мір". А пакуль яны працягваюцца, РФ павінна быць пад санкцыямі, а дапамога Украіне не мусіць спыняцца.
Напярэдадні адбылася тэлефонная размова прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна. Пуцін "станоўча адгукнуўся на ініцыятыву аб узаемнай адмове бакоў канфлікту ва Украіне ад удараў на 30 дзён па энергаінфраструктуры". І нібыта ўжо даў адпаведную каманду вайскоўцам. Але, як бачым, удары працягнуліся.
Мінабароны РФ паведамляе пра 57 збітых за ноч над расійскімі рэгіёнамі ўкраінскіх беспілотнікаў.