Прымяняць амністыю да палітычных немэтазгодна — дзяржпрапагандыст Шпакоўскі

Аляксандр Шпакоўскі

Аляксандр Шпакоўскі / pinsknews.by

Прымяняць амністыю да асуджаных палітычных апанентаў рэжыму нельга. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў дзяржаўны прапангандыст Аляксандр Шпакоўскі.

Пра падрыхтоўку амністыі да 9 траўня беларускія ўлады паведамілі ў чацвер. Паводле папярэдніх падлікаў на волю павінны выйсці каля 8 тысяч чалавек.

"Што тычыцца экстрэмісцкіх злачынстваў. Па-першае, гэта было зусім нядаўна. Па-другое, гэта злачынства супраць парадку дзяржаўнага кіравання. Па-трэцяе, сітуацыя, у якой знаходзіцца Рэспубліка Беларусь. А я нагадаю, што вось гэты геапалітычны шторм, элементам якога была спроба гібрыднага перавароту ў нашай краіне, працягваецца", — прывёў свае аргументы прапагандыст.

Паводле яго, на сёння ўсё яшчэ фіксуюцца "ціск і агрэсія", таму прымяняць амністыю да палітычных вязняў "не ўяўляецца магчымым і выглядае немэтазгодна".

Дарэчы, Шпакоўскі не толькі прапагандыст і дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Ён яшчэ і ўваходзіць у склад так званай камісіі па вяртанні.

Пад ранейшыя амністыі палітвязні таксама не траплялі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.