Праект пашпарта новай Беларусі перанясуць з Літвы ў іншую краіну — Ціханоўская
Пашпарт новай Беларусі / прэс-служба Офіса Ціханоўскай
Праект пашпарта новай Беларусі могуць перанесці ў іншую краіну. Пра гэта Святлана Ціханоўская паведаміла ў сваім выступе ў Сейме Літвы.
"Працягвайце выдаваць міжнародную абарону і дазволы на жыхарства сумленным беларусам. На жаль, многія беларусы не могуць вярнуцца дадому і застаюцца без дакументаў. Бацькі не могуць аформіць нованароджаных дзяцей. У Літве ёсць выдатнае рашэнне — пашпарты замежніка, і мы просім спрасціць і пашырыць практыку яго выдачы. А наш "чырвоны пашпарт", які мы планавалі выдаваць, мы перанясем у тыя краіны, дзе праблема з дакументамі ніяк не вырашана", — цытуе reform.news лідарку беларускіх дэмакратычных сілаў.
Пашпарт новай Беларусі пачалі распрацоўваць пры Офісе Святланы Ціханоўскай некалькі гадоў таму. Афіцыйна праект пашпарта прадставілі сёлета ў студзені і нават пачалі запіс на яго выдачу. Выдачай дакумента мусіў заняцца Беларускі пашпартны цэнтр, зарэгістраваны ў Літве. Вяліся перамовы аб міжнародным прызнанні дакумента.
Аднак літоўскія дзяржорганы заявілі, што не будуць прызнаваць гэты дакумент за афіцыйны. Таксама шэраг літоўскіх палітыкаў абурыўся выкарыстаннем герба "Пагоня" на пашпарце.