Пра гібель яшчэ аднаго мігранта на мяжы паведамляюць польскія ўлады
Мігранту, што загінуў на мяжы, было 19 гадоў / pap.pl
Яшчэ адзін мігрант загінуў на беларуска-польскай мяжы, паведамляюць польскія улады. Яго цела ратавальнікі дасталі з ракі Буг. Рака ў гэтым месцы ўяўляе сабой прыродную мяжу паміж Польшчай і Беларуссю. Загінуламу было 19 гадоў, ён — з Сірыі.
"Яго асобу пацвердзіў іншы малады мужчына, з якім яны днём раней спрабавалі нелегальна пераправіцца праз раку Буг. Разам з целам знойдзеныя дакументы", цытуе прэс-сакратара галоўнага каменданта паліцыі ў Любліне Анджэя Фіёлека агенцтва ТАСС.
Паліцыя цяпер спрабуе ўстанавіць абставіны смерці маладога чалавека.
Гэта далёка не першая смерць мігранта на мяжы. Загінулых людзей знаходзілі і на польскай, і на беларускай тэрыторыі. Прычынамі смерці называліся пераахаладжэнне, сардэчны прыступ.
Міграцыйны крызіс стане адным з пытанняў, якія сёння і заўтра будуць абмяркоўваць на саміце лідараў ЕС. У Еўрасаюзе салідарныя з пазіцыяй Польшчы, Літвы і Латвіі, што да сітуацыі з мігрантамі датычныя беларускія ўлады. У Германіі ўжо пачалі расследаванне з гэтай нагоды. У прыватнасці, нямецкія следчыя прытрымліваюцца меркавання, што "з дапамогай арганізаванай на дзяржаўным узроўні перавозкі мігрантаў" Аляксандр Лукашэнка хоча шантажаваць Еўропу, каб дамагчыся зняцця санкцый.