Польшча можа ўключыць біяметрычную ідэнтыфікацыю пры падачы на візу
Польшча памяняе сістэму выдачы віз, ілюстрацыйнае фота / migratop.com
Польскі парламент разгледзіць шэраг законапраектаў, закліканых упарадкаваць візавую сістэму. Частка гэтых зменаў закране і беларусаў. Пра гэта тэлеканалу "Белсат" расказалі ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы.
У Польшчы ідзе праца над новай сістэмай консульскага абслугоўвання. Мяркуецца, што новая сістэма будзе грунтавацца на біяметрычных даных заяўніка (паводле прынцыпу сканавання твару, як у Face ID у iPhone). Польскія дыпламаты мяркуюць, што такая мера дапаможа змагацца з нядобрасумленнымі пасярэднікамі ў Беларусі.
Таксама ў МЗС Польшчы заявілі, што працуюць над тым, каб колькасць слотаў адпавядала рэальнаму попыту з боку беларусаў. "працуем над тым, каб гэтыя ўмовы [выдачы віз] былі паслядоўна прыведзеныя ў адпаведнасць з рэальным попытам — каб колькасць гэтых слотаў расла", — пракаментавала намесніца кіраўніка МЗС Хенрыка Масціцка-Дэндзіс.
У красавіку 2024-га візавыя цэнтры ў Беларусі ўвялі верыфікацыю праз відэасувязь пры падачы дакументаў на атрыманне шэнгенскай візы. Цяпер для пацверджання асобы заяўніка патрабуецца арыгінал пашпарта і прылада, з якая працуе камерай. Але такое новаўвядзенне стварыла цяжкасці. Многія ахвочыя атрымаць візу скардзіліся, што не могуць ні самі прайсці рэгістрацыю, ні запісаць састарэлых бацькоў, ні звярнуцца да "памагатараў".