Ператрус на Каляды: у кватэры Сіўчыкаў шукалі доказы дачынення да Плошчы
Каб прысутнічаць пры ператрусе, Таццяна Сіўчык з сынам мусілі сыйсці са святой імшы (відэа)
25 снежня замест калядоўшчыкаў да актывістаў беларускага дэмакратычнага 
руху завіталі супрацоўнікі КДБ. Ператрусы адбыліся ў кватэрах 
праваабаронцы Алега Воўчака, кінадраматурга Ўладзіміра Халіпа, 
экс-кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Алеся Міхалевіча, 
прэс-сакратара Саннікава Аляксандра Атрошчанкава, журналісткі Наталлі 
Радзінай, на офісе АГП і ў рэдакцыі Еўрарадыё... Недзе а 12-й завіталі 
людзі ў цывільным і ў кватэру да праваабаронцы Вячаслава Сіўчыка.
“І ў нашай кватэры адбылося дзяржаўнае святкаванне Калядаў, — распавяла Еўрарадыё жонка Вячаслава Сіўчыка Таццяна. —
 Яны прыйшлі да дзвярэй кватэры каля 12-й, калі мы з сынам знаходзіліся 
на святой імшы. Імша была святочная, цэлебраваная біскупам, і мой сын 
нес службу міністранты. Нам давялося перарваць удзел у святой імшы, што 
ўжо само па сабе з’яўляецца грахом, вянуцца дахаты, прымаць дзяржаўных 
гасцей”.
Чацвёра супрацоўнікаў упраўлення КДБ па Мінску і 
Мінскай вобласці прад’явілі Таццяне дазвол на правядзенне ператрусу. Ён 
быў матываваны крымінальнай справай аб масавых беспарадках, што адбыліся
 19 снежня.
“З размоваў супрацоўнікаў КДБ вынікала, што яны 
шукалі нейкую літаратуру — магчыма, перапіску ці ўлёткі — якія б 
заклікалі да масавых беспарадкаў. Ці прадметы, што маглі б сведчыць пра 
тое, што жыхары гэтай кватэры маюць дачыненне да ўсяго, што адбывалася 
19 снежня, — працягвае Таццяна Сіўчык. — Але не знайшлі нічога і забралі з кватэры кампутар і дыскі з дыскетамі, на якіх не было надпісаў пра іх змест”.
Прыкладна
 ў 16:10 з кватэры Сіўчыкаў выйшлі панятыя. Але людзі ў цывільным 
засталіся — і прабылі сам-насам са змучанай ператрусам жанчынай і яе 
непаўнагадовым сынам яшчэ каля 40 хвілінаў. Таццяна Сіўчык мяркуе, што 
ўвесь гэты час яны чакалі нарад міліцыі з Цэнтральнага РАЎС, які б 
выправадзіў з лесвічнай пляцоўкі журналіста Еўрарадыё.
Міліцыя 
прыехала прыкладна ў 16:40 і прымусіла мяне выйсці на вуліцу. Нібыта 
нехта з жыхароў паскардзіўся, што ў пад’ездзе знаходзяцца чужыя людзі. 
Праз хвіліну праз другія дзверы з пад’езду сыйшлі супрацоўнікі КДБ.
“У нашай краіне пасля апошніх выбараў назіраецца такі і бяспраўе, што не знаходзіцца ўжо словаў, каб гэта апісаць, — кажа Таццяна Сіўчык. — Немагчыма
 ацаніць ні паводзіны міліцыянтаў, ні паводзіны супрацоўнікаў КДБ, ні 
паводзіны звычайных грамадзянаў... Усё гэта немагчыма вытлумачыць. Мы 
жывем у нейкім кашмары. Нібыта пекла спусцілася на зямлю”.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
