Пайшоў з жыцця пляменнік Максіма Гарэцкага — геолаг Радзім Гарэцкі

Радзім Гарэцкі

Радзім Гарэцкі / TUT.BY

Пайшоў з жыцця акадэмік-геолаг Радзім Гарэцкі, піша "Наша Ніва". Яго бацька, Гаўрыла Гарэцкі, быў адным з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук. А дзядзька — знакаміты беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі.

Eн ведаў усё пра тое, дзе ў Беларусі ляжаць карысныя выкапні, і ў 2013 годзе распавядаў пра гэта для "Нашай Нівы". Радзім Гарэцкі быў членам Савета заснавальнікаў Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра "Беларуская перспектыва".

У 1930-я гады сям'я Гарэцкіх патрапілі пад палітычныя рэпрэсіі. Радзім Гарэцкі аказаўся ў высылцы.

Свае першыя навуковыя працы ён прысвяціў тэрыторыі Казахстана і Сярэдняй Азіі. Дзякуючы яго даследванням удалося высветліць месцы знаходжання шматлікіх карысных выкапняў. Ён браў удзел у складанні Міжнароднай тэктанічнай карты Еўропы і Тэктанічнай карты Еўразіі.

У 1971 годзе Радзім Гарэцкі вярнуўся ў Беларусь. У 1976 годзе дзякуючы яму і працы яго калег з'явілася Тэктанічная карта Беларусі. Напачатку 90-х Радзім Гарэцкі быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.

Ён пайшоў з жыцця ў 96 год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.