Павышаюцца тарыфы на паслугі тэлефоннай сувязі
Рашэнне Міністэрства эканомікі Беларусі набудзе моц 28 траўня, яно датычыць фізічных, юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Штомесячная абанементная плата для фізічных асоб за пераведзены на пачасовую аплату тэлефон павялічана на 20% — да 12250 рублёў. Пагадзінная плата за кожную поўную ці няпоўную хвіліну злучэння вырасла да 29,8 рублёў (на 9%). Абанементная плата за не пераведзены на пагадзінную аплату гутарак тэлефон будзе складаць 17400 рублёў (на 20% больш). Хвіліна міжгародніх тэлефонных злучэнняў у стацыянарнай сетцы без дапамогі тэлефаніста складзе 72,6 рубля (на 10% больш).
Для юрыдычных асоб штомесячная абанементная плата павышана на 17% — да 15500 рублёў за пераведзены і 29350 рублёў за не пераведзены на пачасовую аплату тэлефон. Пачасовая плата за кожную поўную ці няпоўную хвіліну злучэння павялічана на 16% — да 51 рубля. Хвіліна міжгародніх тэлефонных злучэнняў складзе 83 рублі (на 10,6% больш).
У Мінэканомікі кажуць, што павышэнне прадугледжана з мэтай паэтапнай ліквідацыі стратнасці ўнутрырэспубліканскіх паслуг электрасувязі агульнага карыстання, інфармуе БелаПАН.
Папярэдняе павелічэнне тарыфаў на паслугі тэлефоннай сувязі ў Беларусі адбылося 19 сакавіка.
Фота — Fotolia