Паўла Сапелку выключылі з калегіі адвакатаў

3-га сакавіка на паседжанні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў разглядалася прадпісанне Міністэрства юстыцыі ў дачыненні да адваката Паўла Сапелкі.

Рашэннем прэзідыуму Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Павел Сапелка быў выключаны з яе шэрагаў. Больш займацца адвакацкай дзейнасцю ён не зможа: згодна з Законам аб адвакатуры, адвакацкая практыка павінна адбывацца толькі ў складзе калегіі.

Павел Сапелка на працягу многіх гадоў сумленна абараняў у судах многіх палітвязняў. Ён удзельнічаў у крымінальных справах з разраду гучных, пра якія ведаў увесь свет. Так, напрыклад, менавіта яго падабароннымі былі Мікола Аўтуховіч і сябры незарэгістраванай арганізацыі назіральнікаў "Партнёрства".

У крымінальных справах па падзеях 19 снежня Павел Сапелка абараняў Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца і Змітра Дашкевіча, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Фота: www.svaboda.org.