Пасля расійскага ўдару па Сумах Зяленскі запрасіў Трампа ва Украіну

Наступствы расійскай атакі па Сумах / РБК-Украіна
Расія "здзейсніла памылку", калі ўдарыла па ўкраінскім горадзе Сумы. Так ацаніў гэта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у гутарцы з журналістамі, піша CNN.
"Я думаю, гэта было жудасна. І мне сказалі, што яны зрабілі памылку. Але я думаю, што гэта жудасная рэч", — заявіў Трамп.
Амерыканскі прэзідэнт не стаў удакладняць, што ён мае на ўвазе пад памылкай. Ён толькі сказаў: "Яны здзейснілі памылку".
У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі заклікаў Дональда Трампа наведаць Украіну. Пра гэта ён выказаўся ў інтэрв’ю CBS: "Калі ласка, перш чым прымаць якія-небудзь рашэнні, весці якія-небудзь перамовы, прыязджайце і паглядзіце на людзей, мірных жыхароў, воінаў, бальніцы, цэрквы, дзяцей".
Зяленскі мяркуе, што Трамп як "моцны прэзідэнт моцнай краіны" павінен быць на баку Украіны, а не займаць нейтральную пазіцыю ў дачыненні да канфлікту.
13 красавіка, у Вербную нядзелю, расійскія войскі атакавалі ўкраінскі горад Сумы дзвюма балістычнымі ракетамі. Былі разбураныя будынкі Сумскага дзяржуніверсітэта і жылыя дамы. Вядома пра мінімум 34 загінулых, двое з якуіх — дзеці. Яшчэ 117 чалавек атрымалі раненні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.