Параненага міліцыянта з Івацэвічаў перавялі ў Мінск у шпіталь МУС

Параненага міліцыянта, у якога страляў вясковец у Івацэвіцкім раёне, перавялі ў Мінск у шпіталь МУС. Пра гэта БЕЛТА паведамляе са спасылкай на галоўнага лекара Івацэвіцкай цэнтральнай раённай лякарні Васіля Юзэфовіча. Паводле яго інфармацым, у суботу раніцай адбыўся кансіліум лекараў, які прыняў рашэнне аб мэтазгоднасці пераводу хворага ў сталіцу. У абед ён ужо быў у шпіталі.
Як паведамлялася раней, у 23-гадовага міліцыянта шматлікія агнястрэльныя раненні грудной клеткі і паяснічнай вобласці з пашкоджаннем унутраных органаў. Яго стан цяжкі, але стабільны.
Інцыдэнт здарыўся 17 жніўня ў вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёна, куды завіталі з рэйдам супрацоўнікі мясцовага РАУСа. Міліцыянты ведалі, што ў мясцовага жыхара, 57-гадовага мужчыны, можа быць незарэгістраваная зброя. Калі яны прыйшлі да яго дадому, гаспадар узяў паляўнічую стрэльбу і адкрыў агонь на паражэнне. 42-гадовы ўчастковы быў забіты, яго маладзейшы калега атрымаў раненні.
Стралка затрымалі ў выніку спецаперацыі, праведзенай АМАПам.