Палова амерыканцаў негатыўна ацэньвае дзеянні прэзідэнта Трампа

Дональд Трамп / Reuters
Апытанне AP-NORC, праведзенае да 100 дзён другой прэзідэнтуры Дональда Трампа, паказвае, што амаль палова амерыканцаў негатыўна ацэньвае яго дзеянні, паведамляе Беларуская служба Польскага радыё. Каля 50% апытаных выказваюцца непрыязна да яго кіравання, 40% з іх характарызуюць яго дзеянні як “жахлівыя”, а яшчэ 10% лічаць Трампа “слабым” прэзідэнтам.
Тым часам 30% амерыканцаў выказваюць станоўчыя меркаванні пра яго, называючы яго “выдатным” або “добрым”, а 20% ацэньваюць яго як “сярэдняга” прэзідэнта.
Паводле апытання, 70% рэспандэнтаў сцвярджаюць, што першыя 100 дзён прэзідэнцтва Трампа адпавядалі іх чаканням. У той жа час, амаль тры чвэрці прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі лічаць, што Трамп засяроджваецца на няправільных праблемах. 70% з іх ацэньваюць яго як “жахлівага”, што сведчыць пра рост яго негатыўнага рэйтынгу на 10% у параўнанні з перыядам да яго інаўгурацыі.
Крытыка Трампа асабліва праяўляецца ў галіне міграцыйнай і мытнай палітыкі, дзе ён, на думку многіх, “зайшоў занадта далёка”.
Аднак сярод прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі Трамп застаецца папулярным. Больш за 70% рэспубліканцаў лічаць яго “добрым” прэзідэнтам. Пры гэтым толькі палова з іх згаджаюцца, што Трамп выбірае правільныя мэты. Асабліва яны цэняць нядаўна створаны Дэпартамент эфектыўнасці ўрада на чале з Іланам Маскам.
Міграцыйная палітыка новай адміністрацыі атрымала падтрымку 46% апытаных, у той час як цяперашнюю знешнюю палітыку, гандлёвыя перамовы і эканоміку падтрымала каля 40%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.