Палітвязня Мікалая Клімовіча пахаваюць 12 траўня на пінскіх могілках

Мікалай Клімовіч / t.me/viasna96/
Палітвязня Мікалая Клімовіча пахаваюць 12 траўня на пінскіх могілках "Таргошыцы", паведамляе @pozirkonline. У чацвер яго цела прывязуць у Пінск з Віцебска. Развітанне запланаванае на пятніцу каля дома Клімовіча. Пахаванне адбудзецца а 14-й гадзіне.
28 лютага сёлета суд Пінскага раёна і Пінска асудзіў Мікалая Клімовіча на 1 год калоніі за "абразу" Аляксандра Лукашэнкі (за карыкатуру). Прысуд вынес суддзя Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча, "негледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч мае інваліднасць II групы па сэрцы".
"Любы турэмны тэрмін для мяне — смерць, таму што я павінен знаходзіцца пад сталым назіраннем лекара, прымаць шмат моцных прэпаратаў, — гаварыў у апошнім слове палітвязень. — Я магу не пратрымацца і месяц".
Пра смерць 61-гадовага Клімовіча ў віцебскай калоніі № 3 стала вядома 7 траўня. Праваабаронцы патрабуюць расследаваць абставіны яго смерці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.