Палітвязня Ігара Аліневіча на дзень народзінаў пасадзілі ў карцэр
Зняволены правядзе там 10 дзён.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла маці палітвязня Валянціна Аліневіч.
“На мінулым тыдні збіраліся да Ігара на кароткатэрміновае спатканне, і тут нам паведамляюць, што ён у штрафным ізалятары, — паведаміла яна. — Як гром з яснага неба. Рэч у тым, што дакладна ў канцы чэрвеня яго перавялі ў новую калонію, якая адрознівалася ад ранейшай, наваполацкай, сваёй экалогіяй, бачнасцю захавання законнасці, бытавымі ўмовамі і г.д. Увесь гэты час Ігар пазітыўна адгукаўся пра больш-менш чалавечыя ўмовы ў гэтай калоніі і, о цуд, яму нават дазволілі набыць тэлефонную картку і патэлефанаваць першы раз за паўгода ў першай дэкадзе верасня. Напэўна, проста прыглядаліся.
Загад ёсць загад і яго трэба выконваць. Спачатку канфіскавалі мой ліст, матывуючы тым, што там забароненыя звесткі. Потым пасадзілі на 10 дзён у штрафны ізалятар.
Не ведаю, што за нелюдзі і дамарослыя псіхолагі працуюць у нашых спецслужбах, але гэта ўжо стала традыцыяй саджаць нашых палітычных менавіта на іх дні народзінаў. Так было і з Колем Дзядком на ягоны дзень народзінаў ў жніўні (20 дзён штрафнога ізалятара), так і з астатнімі палітычнымі вязнямі. Лаўры Васьковіча, які прасядзеў за год у штрафным ізалятары 240 дзён, відаць, не даюць спакою”, — заўважае Валянціна Аліневіч.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў нападзе на афіцыйныя будынкі. Сваёй віны ён не прызнаў і адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. За кратамі ён ужо адбыў палову свайго тэрміну.