Палажанку выклікалі на допыт у КДБ

Па словах Палажанкі увесь тыдзень супрацоўнікі КДБ дапытвалі рэгіянальных актывістаў арганізацыі, цяпер прыйшла і яе чарга, хоць пра паўтарэнне гісторыі з Алесем Міхалевічам, па словах дзяўчыны, яна стараецца не думаць.

"Нічога не ведаю, я зараз буду уваходзіць у бюро прапускоў КДБ, ні аб чым мяне не папярэджвалі, проста пазванілі і сказалі прыйсці. Не, я не думаю, што можа паўтарыцца гісторыя з Міхалевічам. Мяне першы раз за месяц выклікаюць, таму з другога боку допыт можа быць і цалкам лагічным. Увесь час выклікалі маладафронтаўцаў, цяпер мая чарга", - распавяла Наста.

Нечаканы выклік у КДБ, па словах Палажанкі, можа быць звязаны і з Днём беларускай салідарнасці, які адзначаецца 16 чысла – кожны месяц у гэты дзень актывісты праводзяць акцыі з партрэтамі арыштаваных. Разам з абвінавачанай на допыт, які ў гэтыя хвіліны ўжо пачаўся, накіравалася і яе адвакат. 17 лютага намесніца старшыні Маладога фронту пасля двух месяцаў знаходжання ў турме КДБ была нечакана вызвалена пад падпіску аб нявыездзе. Напярэдадні гэтага ў яе абарону следству было перададзена некалькі соцень паручальніцтваў, паведамляе "Радыё Рацыя".