Пад Харкавам загінуў беларус, які ваяваў за Расію
Руслан Нікіцін / nashaniva.com
Пад Харкавам загінуў беларус, які ваяваў за Расію. Гэта былы спецназавец Руслан Нікіцін, піша "Наша ніва".
Нікіцін нарадзіўся ў Лідзе. Тэрміновую службу праходзіў у разведцы спецназа ў 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння. Яго знаёмыя сцвярджаюць, што ён даўно ажаніўся з расіянкай, паехаў жыць на яе радзіму, атрымаў расійскі пашпарт, а ваяваць пайшоў па ўласнай ініцыятыве. На фота з фронту відаць, што побач з нашыўкай Z ён насіў і нашыўку з чырвона-зялёным сцягам.
Згодна з версіяй знаёмых, Руслан Нікіцін загінуў на Харкаўшчыне 16 траўня — удзельнічаў у наступе расіян, мэтай якога Уладзімір Пуцін аб'явіў стварэнне "буфернай зоны".
У загінулага засталася маці ў Беларусі і жонка з сынам у РФ.
Ва Украіне ўжо загінулі дзясяткі ўраджэнцаў Беларусі, якія ваявалі на баку Расіі. Сярод іх ёсць афіцэр запасу, шматдзетны бацька. Некаторых хаваюць на радзіме.
Значна больш беларусаў ваюе за Украіну.