Па ўсёй Украіне аб'яўлена паветраная трывога — 250-я раніца вайны
Людзі хаваюцца ад абстрэлаў ў метро Кіева / Reuters
Уначы пад абстрэлам зноў была Днепрапятроўская вобласць — расіяне атакавалі РСЗА, цяжкай артылерыяй і дронамі-камікадзэ, піша кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Больш за ўсё пацярпеў Марганец. Сюды прыляцелі 40 снарадаў з расійскіх "Градаў".
"Загінула 31-гадовая жанчына. Яшчэ адна жанчына параненая. Яна ў бальніцы", — распавёў Разнічэнка. Паводле яго слоў, у горадзе пашкоджана амаль 30 шматпавярховых і прыватных дамоў. Пацярпелі мясцовы ліцэй, адміністрацыйны будынак, машыны і лініі электраперадач.
У Каменскім раёне дронамі-камікадзэ разбураны аб'ект энергетычнай інфраструктуры.
Паветраную трывогу гэтай раніцай абвясцілі ўсёй Украіне, акрамя часова акупаванага Крыма, піша УНІАН. Паведамляецца аб выбухах у Вінніцкай, Кіраваградскай, Палтаўскай і Кіеўскай абласцях — працуе СПА, піша агенцтва. У Кіеве падымаецца слуп дыму.
Аб сітуацыі на фронце. Расіяне працягваюць наступаць на на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.
"За суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі акупантаў у раёнах Зялёнага Харкаўскай вобласці; Белагораўкі, Мікалаеўкі і Навасёлаўска ў Луганскай вобласці; Аўдзееўкі, Бахмуцка, Вясёлага, Вадзянога, Маёрска, Мар'інкі і Новабахмутаўкі Данецкай вобласці", распавядаюць украінскія вайскоўцы. Ва ўкраінскім Генштбаі таксама адзначаюць, што Расія працягвае перакідку асобных падраздзяленняў на тэрыторыю Беларусі. Такім чынам пагроза нанясення ракетных удараў і прымянення беспілотнікаў з беларускай тэрыторыі захоўваецца.
Расійскія крыніцы са свайго боку сцвярджаюць, што УС РФ захапілі Вадзяное (гэта недалёка ад Данецка) і Паўлаўку (за 2 км ад Угледара). Амерыканскі інстытут вывучэння вайны адзначае, што "у вячэрняй справаздачы ўкраінскага Генеральнага штаба не паведамлялася аб адбіцці расійскіх нападаў у гэтым раёне, як гэта звычайна бывае, што патэнцыйна паказвае на тое, што расійскія заявы дакладныя". Заўважым, што інфармацыя пра адбітую атаку ў Вадзянога з'явілася ў ранішняй зводцы ўкраінскіх вайскоўцаў.
Украінскім вайскоўцам напярэдадні ўдалося адбіць расійскую спробу штурму і папоўніць абменны фонд. Пра гэта ўчора ўвечары ў традыцыйным звароце казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
"На выдатна праявілі сябе воіны-пагранічнікі Чопскага атрада, якія зараз у складзе сіл абароны Украіны абараняюць нашу краіну на Данбасе. Сёння яны спынілі жорсткія штурмавыя дзеянні ворага — расійская атака адбітая", — сказаў ён.
Зяленскі распавёў таксама аб тым, што ВПС Украіны 30 кастрычніка збілі расійскі ўдарны верталёт і ваенны самалёт Су-25. Верталёт збілі ў Харкаўскай вобласці. Па падліках Генштаба ВСУ, па стане на раніцу 30 кастрычніка ўкраінскія ваенныя знішчылі 274 расійскіх самалёта і 252 верталёта.
Пуцін мае намер працягваць вайну і ў 2023 годзе, мяркуюць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Расійскі прэзідэнт зробіць усё, каб утрымаць ужо захопленыя ўкраінскія тэрыторыі, і паспрабуе стварыць умовы, каб Захад перастаў падтрымліваць Украіну. "Пуцінская тэорыя перамогі грунтуецца на выкарыстанні суровай зімы, каб зламаць волю Еўропы", мяркуюць экспэрты. Пры гэтым яны лічаць, што "Пуцін наўрад ці дойдзе да прымянення тактычнай ядзернай зброі". На іх думку, такая сітуацыя магчымая, але малаверагодная. Таксама Пуцін будзе пазбягаць прамога ваеннага канфлікту з НАТА. Хоць і працягне намякаць на такія крокі.
Украіна, Турцыя і ААН узгаднілі на панядзелак, 31 кастрычніка, план руху 16 караблёў па гуманітарным калідоры ў Чорным моры і апавясцілі пра гэта Расію. Пра гэта паведамляе Прадстаўніцтва ААН у Сумесным каардынацыйным цэнтры (СКЦ).
Гаворка ідзе аб 16 судах — 12 сыходзяць з Украіны і 4 прыбываюць. Раней, нагадаем, расійскі бок на пасяджэнні СКЦ заявіў, што прыпыняе ўдзел у "збожжавым пагадненні" на нявызначаны тэрмін, але працягне дыялог з ААН і Турцыяй па "надзённых пытаннях". Прычынай стала атака на караблі Чарнаморскага флоту ў Севастопалі з ужываннем баявых беспілотнікаў. У Маскве гэтую атаку назвалі "тэрактам".
Выхад Расіі са "збожжавай здзелкі" прывёў да фактычнага блакавання руху 218 грузавых судоў, казалі напярэдадні ў Мінінфраструктуры Украіны. Учора руху па марскім гуманітарным калідорам не было.