Па "справе Гаюна" асудзілі дырэктара рэкламнай фірмы ў Магілёве
Суд, ілюстрацыйнае фота / t.me/gomeloblsud/
Дырэктара магілёўскай рэкламнай фірмы Віталя Чавусава асудзілі па "справе Гаюна". Суд прайшоў прыканцы траўня, паведамляюць мясцовыя праваабаронцы.
Паведамляецца, што крымінальная справа Чавусава была звязаная са "справай Гаюна". У віну яму ставілі два артыкулы, звязаныя з так званым "садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці".
Прадпрымальніку прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі. Падрабязнасці справы і рэжым умоваў адбыцця невядомыя.
"Справа Гаюна" — назва крымінальных працэсаў супраць людзей, якія дасылалі ў чат-бот тэлеграм-канала "Беларускі Гаюн" інфармацыю пра перамяшчэнне вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі. Рэжым Лукашэнкі ў 2022 годзе прызнаў гэты канал "экстрэмісцкім фармаваннем".
У лютым 2025-га сілавікі атрымалі доступ да чат-бота і да асабістых даных людзей, якія дасылалі туды інфармацыю. Пасля гэтага ў Беларусі пачаліся затрыманні па "справе Гаюна". Праваабаронцы "Вясны" кажуць пра мінімум 26 пацверджаных фігурантаў гэтай справы, узятых пад варту. Агульная лічба затрыманых значна большая.