Новая дапамога ад ЗША і ўзмацненне групоўкі РФ у Херсоне — 247-я раніца вайны

Вайна ва Украіне працягваецца больш за 8 месяцаў / facebook.com/GeneralStaff.ua
Вайна ва Украіне працягваецца больш за 8 месяцаў / facebook.com/GeneralStaff.ua

Гэтай ноччу пад абстрэлам зноў быў Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці, білі з "Градаў" і цяжкай артылерыі. "Рускія накрылі агнём тры грамады", кажа кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. У Нікапалі пашкоджаныя з дзясятак шматпавярховых і прыватных дамоў. Абарваныя лініі электраперадач.

У Краснагрыгараўскай грамадзе пацярпелі дачныя дамы і электрасеткі. Без электрычнасці амаль 1 000 сем'яў. У іншых раёнах, па словах Разнічэнкі, ноч прайшла пад гукі сірэны, але абышлося без абстрэлаў.

Пад абстрэлам гэтай ноччу быў і Мікалаеў. "У выніку ракетнага ўдару разбураны трохпавярховы адміністрацыйны будынак і пашкоджана побач размешчаная шматпавярховая новабудоўля. Таксама пашкоджанні атрымала пякарня", піша кіраўнік абласной адміністрацыі Віталь Кім. Адзін чалавек, па яго словах, атрымаў лёгкія раненні.

Новая помощь от США и усиление группировки РФ в Херсоне —  247-е утро войны
Ратавальнікі ліквідуюць наступствы абстрэлу ў Нікапальскім раёне / @dnipropetrovskaODA

На фронце, як вынікае з ранішняй зводцы Генштаба УСУ, без сур'ёзных пераменаў. Расіяне спрабуюць наступаць у Данецкай вобласці — на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках. Украінскія вайскоўцы адбівалі атакі і ў Луганскай вобласці — у раёне Андрэеўкі і Белагораўкі.

У Херсонскай вобласці расіяне ўзмацняюць сваю групоўку на правым беразе Дняпра за кошт мабілізаваных. "Іх рассяляюць у дамы мясцовых жыхароў, якія пакінулі гэтыя раёны", кажуць у Генштабе УСУ. Адначасова расіяне працягваюць эвакуацыю. "Значная ўвага надаецца вывазу медыцынскага абсталявання і маёмасці, як кажуць акупанты, "нацыяналізаваных" прадпрыемстваў", іншымі словамі, бальніц, адзначаюць украінскія вайскоўцы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэа звароце распавёў, што расійскія войскі здзейснілі ўжо 4,5 тысячы ракетных удараў па тэрыторыі Украіны і больш за 8 тысяч авіяналётаў. Толькі за двое сутак праціўнік запусціў больш за 30 дронаў. Большую частку з іх украінскія вайскоўцы прызямлілі, а таксама збілі два ўдарныя верталёты Ка-52 і чарговы штурмавік Су-25.

У пачатку лістапада ЗША могуць пачаць вучэнні для ўкраінскіх вайскоўцаў з выкарыстання сістэм супрацьпаветранай абароны NASAMS. Пра гэта заявіў міністр абароны ЗША Лойд Осцін. Украіне перш за ўсё патрэбныя сістэмы СПА, падкрэсліў ён. Дзве зенітна-ракетныя сістэмы сярэдняй далёкасці NASAMS ў Украіну павінны даставіць у бліжэйшы час, кажуць у Пентагоне.

Пентагон таксама дасць Кіеву яшчэ адзін пакет зброі і іншай дапамогі на суму 275 мільёнаў долараў ЗША. Гэтыя сродкі пойдуць на узмацненне УСУ для выцяснення расійскіх войскаў з ключавых раёнаў на поўдні краіны. Пра гэта піша Associated Press са спасылкай на чатырох амерыканскіх чыноўнікаў. Аб выдзяленні новага пакета сёння павінны аб'явіць публічна. Пры гэтым крыніцы падкрэслілі, што там няма "ніякай сур'ёзнай новай зброі" — гаворка ідзе аб боепрыпасах для ўжо наяўных сістэм узбраенняў, у прыватнасці, для HIMARS.

У ЗША перасцераглі Расію ад спробаў атакаваць амерыканскія камерцыйныя спадарожнікі. Раней у расійскім МЗС заявілі, што гэтыя спадарожнікі дапамагаюць украінскім вайскоўцам і  "могуць стаць мэтамі для ўдару ў адказ". Прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі сказаў на гэта, што Злучаныя Штаты "будуць прыцягваць Расію да адказнасці за любы такі напад, калі ён адбудзецца". Пра гэта піша Barron's.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.