Неўязнога Нявыгласа на кангрэсе УЕФА замяніў Дзмітраніца
22 сакавіка ў Парыжы пераабралі прэзідэнта УЕФА.
Беларуская дэлегацыя ўзяла ўдзел у Кангрэсе УЕФА, які прайшоў учора ў Парыжы. Замест кіраўніка нашай федэрацыі Генадзя Нявыгласа, якога ўключылі ў "чорныя спісы" ЕС, Беларусь прадставілі гендырэктар федэрацыі і начальнік міжнароднага ўпраўлення, распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар БФФ Андрэй Чэпа.
"Беларусь прадстаўлялі два чалавекі: генеральны дырэктар федэрацыі футбола Леанід Фёдаравіч Дзмітраніца і начальнік міжнароднага ўпраўлення Мікалай Аляксандравіч Вераб’ёў".
Нагадаем, на Кангрэсе быў пераабраны старшыня УЕФА Мішэль Плаціні.
22 красавіка ў Мінску адбудзецца справаздачна-выбарчая канферэнцыя Беларускай федэрацыі футбола, на якой абяруць новага кіраўніка БФФ.
Па словах Чэпы, на дадзены момант вядома аб жаданні ўдзельнічаць у выбарах толькі аднаго кандыдата – Сяргея Румаса.
Нагадаем, 3 сакавіка дзеючы кіраўнік федэрацыі Генадзь Нявыглас, які раней быў дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі, а таксама кіраўніком адміністрацыі Прэзідэнта, заявіў, што не будзе балатавацца на трэці тэрмін. Адной з прычынаў сваёй адмовы, ён назваў трапленне ў спіс "неўязных" у краіны ЕС. Па словах чыноўніка, гэта перашкаджае паўнавартасна вырашаць пытанні міжнароднага супрацоўніцтва.