"Нельга заахвочваць агрэсара" — Ціханоўская звярнулася да Трампа

Святлана і Сяргей Ціханоўскія / прэс-служба Ціханоўскай
Дональд Трамп павінен не заахвочваць Аляксандра Лукашэнку, а пакараць. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская, каментуючы вызваленне палітвязняў, у тым ліку яе мужа Сяргея.
"Нельга нармалізаваць сітуацыю, пры якой людзей адпускаюць у абмен на саступкі з вашага боку — няхай гэта будзе змякчэнне санкцый або проста публічная ўвага. Лукашэнку неабходна пакараць, а не заахвочваць", — кажа Ціханоўская ў інтэрв'ю выданню Politico.
Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 13 чалавек вызвалілі падчас прыезду ў Мінск Кіта Келага — спецпрадстаўніка Трампа па Украіне. Некаторыя міжнародныя эксперты асцерагаюцца, што цяпер адміністрацыя прэзідэнта ЗША можа змякчыць сваю пазіцыю наконт Лукашэнкі, адзначае Politico. Таму Ціханоўская заклікае Трампа не ісці на легітымізацыю Лукашэнкі. Яна мяркуе, што Беларусь можа стаць "гісторыяй знешнепалітычнага поспеху прэзідэнта Трампа", калі Штаты разам з саюзнікамі не дазволяць Лукашэнку захаваць уладу або саступіць краіну РасІі ў абмен на ўрэгуляванне вайны ва Украіне.
На думку Ціханоўскай, прэзідэнт ЗША можа істотна паўплываць на "архітэктуру бяспекі рэгіёну", калі будзе дамагацца вызвалення беларускіх палітвязняў і настойваць на сістэмных зменах у краіне.
"Нельга заахвочваць агрэсара, міру не можа быць без справядлівасці. А Беларусь тут — ключавая тэма. Таму што калі Лукашэнка захавае ўладу, міру ў рэгіёне не будзе", — кажа лідарка беларускіх дэмакратычных сіл.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.