Названыя сем лаўрэатаў 2-й Нацыянальнай літаратурнай прэміі

Названыя сем лаўрэатаў 2-й Нацыянальнай літаратурнай прэміі

Лаўрэатамі Другой Нацыянальнай літаратурнай прэміі абвешчаныя сем пісьменнікаў. Іх імёны названыя 4 верасня на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Рагачове, перадае БелаПАН.

У намінацыі "Лепшы твор прозы" перамог аўтар зборніка гістарычных аповесцяў "Цяпло колішніх вогнішчаў" Алесь Марціновіч. Мар'ян Дукса са зборнікам вершаў "Птушка вечнасці — душа" стаў аўтарам найлепшага паэтычнага твора. Імёны гэтых лаўрэатаў абвясцілі міністр інфармацыі Лілія Ананіч і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Міністр культуры Барыс Святлоў агучыў пераможцу ў намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва". Гэтую ўзнагароду атрымаў Сяргей Далідовіч за шэраг дзіцячых кніг. Найлепшым драматургічным творам названая п'еса Ягора Конева "Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы".

Найлепшым публіцыстычным творам стала кніга Мікалая Барысенкі "Рэха вайны ва Усходняй Беларусі". Імя лаўрэата назваў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык.

Кнігу Таццяны Мацюхінай "Беларускі імпрэсіянізм" назвалі найлепшым творам у галіне літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства.

Найлепшым дэбютным творам названыя чатыры тамы дзіцячай літаратуры "Таямніца кватэры № 8" аўтарства празаіка Сяргея Клімковіча. Яго імя абвясціла віцэ-прэм'ер Наталля Качанава.