Наталля Радзіна атрымала ліст падтрымкі ад Вацлава Гавэла

Рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна 22 сакавіка атрымала ліст ад былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла і чальцоў чэшскай арганізацыі "Грамадзянская Беларусь", паведамляе БелаПАН.

"Мы з надзеяй сачылі за вашым грамадзянскім пратэстам супраць ходу і вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і былі абураны сведчаннямі жорсткіх мер супраць вас з боку міліцыі і КДБ, — гаворыцца ў пасланні, напісаным на беларускай мове. — Мы ўважліва і занепакоена чытаем навіны пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і жадалі б запэўніць вас, што ў гэты цяжкі час мы думаем пра вас і вашых блізкіх і плануем і ў далейшым звяртаць увагу міжнароднай супольнасці на парушэнне асноўных правоў чалавека і грамадзяніна ў вашай краіне".

"Мы ўжо доўгі час спрабуем узмацніць міжнародны ціск дзеля вызвалення несправядліва зняволеных, а таксама для спынення пераследу апазіцыі. Пераслед за палітычныя погляды і недопуск у турмы адвакатаў і лекараў мы лічым абсалютна несумяшчальным з асноўнымі прынцыпамі дэмакратыі і прававой дзяржавы", — падкрэсліваецца ў лісце.

"Дазвольце нам разам з вамі адзначыць 25 сакавіка, важны дзень беларускай дзяржаўнасці, і выказаць вам, пакуль завочна, сваю грамадзянскую падтрымку і салідарнасць. Мы верым, што ваша пазіцыя будзе ўзнагароджана па-сапраўднаму годным жыццём у вашай цудоўнай краіне", — пішуць Гавэл і чальцы арганізацыі "Грамадзянская Беларусь".