Начныя абстрэлы і сітуацыя на фронце — 246-я раніца вайны

У акупаваным Шахцёрску Данецкай вобласці гарэлі цыстэрны з палівам / @itsdonetsk
У акупаваным Шахцёрску Данецкай вобласці гарэлі цыстэрны з палівам / @itsdonetsk

Уначы расейцы абстралялі адну з грамад у Кіеўскай вобласці. Узнік пажар, паведаміў кіраўнік Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксей Кулеба. Што загарэлася, Кулеба не ўдакладніў. Сказаў толькі, што "на месцы працуюць ратавальнікі і ўсе экстранныя службы". Ахвяр і пацярпелых няма.

Пад абстрэлам гэтай ноччу было і Запарожжа. Тут таксама быў пажар, піша выконваючы абавязкі мэра горада Анатоль Курцаў. На аб'ектах інфраструктуры прапала электрычнасць, у некаторых будынках вылецела шкло.

Учора ўвесь дзень расіяне абстрэльвалі Сумскую вобласць. Усяго было 20 прылётаў, кажа старшыня Сумскай адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі. Hromadske нагадвае, што расіяне рэгулярна абстрэльваюць гэтую памежную вобласць, хоць адступілі з яе вясной. Да прыкладу, у выніку расійскага ракетнага ўдару 17 кастрычніка загінулі прынамсі пяць чалавек, яшчэ 14 былі параненыя.

Вялікі пажар мінулым вечарам быў і акупаваным Шахцёрску Данецкай вобласці. Тут гарэлі гаруча-змазачныя матэрыялы. Расіяне заяўляюць, што гэта адбылося ў выніку ўдару УСУ. Пацярпелых, папярэдне, таксама няма.

Ночные обстрелы и ситуация на фронте — 246-е утро войны
Ратавальнікі працуюць на месцы пажару ў Шахцёрску Данецкай вобласці / @itsdonetsk

На фронце, калі меркаваць па ранішняй зводцы Генштаба УСУ, без пераменаў. "Праціўнік спрабуе ўтрымаць часова акупаваныя тэрыторыі, факусуе намаганні на падаўленні дзеянняў Сіл абароны на асобных кірунках, пры гэтым не спыняе наступальныя дзеянні на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках", кажуць украінскія вайскоўцы. У мінулыя суткі сілы УСУ адбівалі атакі расіян каля Белагораўкі ў Луганскай вобласці, а таксама ў раёне шэрагу населеных пунктаў Данецкай вобласці.

У Генштабе таксама адзначаюць, што ў раён Запарожжа прыбываюць "мабілізаваныя тыдзень таму расійскія вайскоўцы", але ў іх адсутнічае "матывацыя і жаданне ўдзельнічаць у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, фіксаваныя не адзінкавыя выпадкі дэзерцірстваў".

Аб стане расійскіх войскаў пішуць і эксперты Інстытута вывучэння вайны. Паводле іх ацэнак, "звычайныя расійскія ўзброеныя сілы ва Украіне моцна дэградавалі і ў значнай ступені страцілі наступальныя магчымасці". Маральны дух расіян вельмі нізкі. Падставай для гэтых выказванняў стала расследаванне агенцтва Reuters. Агенцтва піша, што расійскія падраздзяленні пад Балаклеяй былі моцна недаўкамплектаваныя: баявы батальён складаў 19,6%, а рэзервовая частка — 23%.

У Інстытуце вывучэння вайны таксама адзначаюць, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін не зацікаўлены ў сур'ёзных перамовах з Украінай і настроены на вайну. Такую выснову яны зрабілі пасля прамовы Пуціна на сустрэчы з прадстаўнікамі службаў бяспекі Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Там расійскі прэзідэнт заявіў, што Злучаныя Штаты выкарыстоўваюць Украіну ў якасці "тарана" супраць Расіі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным звароце казаў, сярод іншага, аб працы ўкраінскай СПА. Учора, да прыкладу, быў збіты чарговы верталёт і беспілотнік.

"Агульная колькасць збітых расійскіх верталётаў набліжаецца да 250. Расійскія акупанты ўжо страцілі столькі тэхнікі — авіяцыі і іншай — колькі ў большасці армій свету проста няма і ніколі не будзе на ўзбраенні", — адзначыў Зяленскі. Ён мяркуе, што Расія не зможа аднавіць гэтыя страты, і падзякаваў байцам  за "паступовую і незваротную дэмілітарызацыі ворага".

Стала вядома пра візіт у Кіеў дырэктара ЦРУ Уільяма Бернса. Аказваецца, ён прыязджаў ва Украіну ў пачатку кастрычніка, сустракаўся з Зяленскім і іншымі ўкраінскімі чыноўнікамі. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на дзве крыніцы. Падчас гэтага візіту Бернс казаў аб гатоўнасці падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе супраць расійскай агрэсіі. У прыватнасці, ён паабяцаў, што амерыканцы і далей будуць дапамагаць з разведвальнымі дадзенымі. Іншых дэталяў крыніцы CNN не назвалі.

Тым часам, ЗША папярэдзілі расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пра наступствы для РФ ядзернага ўдару. Аб гэтым піша Bloomberg са спасылкай на дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена. "Мы вельмі выразна і прама паведамілі пра гэта расіянам, у прыватнасці прэзідэнту Пуціну. Мы занепакоеныя", — сказаў Блінкен. Паводле яго слоў, размовы Расіі аб нібыта гатоўнасці Украіны выкарыстоўваць "брудную бомбу" з'яўляецца яшчэ адной выдумкай Масквы. Блінкен нагадаў, што Расія ўжо мае вопыт прыпісвання іншым паводзін, да якіх яна рыхтуецца сама.

Масква можа паспрабаваць выкарыстоўваць магчымае падаўжэнне " збожжавага пагаднення" як рычаг уплыву на саміце "Вялікай дваццаткі". Сустрэча павінна прайсці ў лістападзе ў Інданезіі. Аб гэтым піша Reuters са спасылкай на неназванага еўрапейскага дыпламата, інфармаванага ў гэтым пытанні. Па словах дыпламата, "збожжавая пагадненне" будзе цэнтральнай тэмай гэтага саміту, і "усё пастараюцца пераканаць Пуціна працягнуць яго". Дыпламат сцвярджае, што Пуцін мае намер прыехаць на саміт G20 на востраве Балі, хоць Крэмль яшчэ афіцыйна не пацвердзіў гэта. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.