На вяртанне мігрантаў з Беларусі ў свае краіны ЕС вылучыць 3,5 мільёна еўра
Еўрасаюз выдзеліць 3,5 мільёна еўра на падтрымку добраахвотнага вяртання мігрантаў з Беларусі ў свае краіны. Пра такую заяву кіраўніцы Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен на пленарнай сесіі Еўрапарламента паведамляе ТАСС.
У справе вяртання мігрантаў з Беларусі на радзіму ЕС будзе супрацоўнічаць з агенцтвамі ААН, дадала кіраўніца Еўракамісіі.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС доўжыцца з вясны. Асабліва абвастрылася сітуацыя з 8 лістапада, калі на беларуска-польскай мяжы сабралося некалькі тысяч чалавек. Некалькі разоў яны спрабавалі вялікімі групамі штурмаваць мяжу, але былі адціснутыя назад.
Краіны ЕС вінавацяць афіцыйны Мінск у арганізацыі міграцыйнага крызісу. Менавіта з гтым крызісам звязаны пяты пакет санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які павінен быць прыняты бліжэйшымі днямі.