На Ушаччыне адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава
Святкаванне адбылося ў роднай вёсцы пісьменніка Бычкі.
Хаця народзіны Васіля Быкава адзначаюцца 19 чэрвеня, у гэтым годзе, каб больш людзей змаглі прыняць у ім удзел, святкаванне было перанесена на выходны дзень. І сапраўды людзей сабралася нямала — больш за дзве сотні. На свяце можна было пабачыць вельмі шмат знакамітых людзей.
Урачыстасць адкрыў Іосіф Навумчык, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Потым слова прадаставілі Валянціне Уладзіміраўне — роднай сястры пісьменніка. Яна падзялілася сваімі ўспамінамі пра брата. Уладзімір Някляеў прачытаў свае вершы, прысвечаныя Васілю Быкаву і Алесю Бяляцкаму. Дарэчы, менавіта ён паведаміў прысутным, што Алесь на волі. Былы спікер парламента Мечыслаў Грыб звярнуў увагу, што Васіль Быкаў быў не толькі вялікім пісьменнікам, але і выдатным палітыкам.
Па традыцыі ў гэты дзень уручылі прэмію “За свабоду думкі”. Аб’явіў сёлетняга лаўрэата мастак Алесь Пушкін. Ім стаў гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч, які напрыканцы парадваў прысутных сваім песнямі.




