На палітвязня, асуджанага на 4 гады, пачалі новую крымінальную справу

Аляксей Камароўскі з дачкой / spring96.org
Новую крымінальную справу пачалі на палітвязня Аляксея Камароўскага, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
21 сакавіка суд у Мінску прызначыў яму 4 гады калоніі і 3000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды міліцыянту. Як распавядала Еўрарадыё, Камароўскага абвінавацілі ў спробе збіць даішніка падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 года. Яго асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) і арт. 365 КК (умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Месяц таму мужчына пачаў адбываць тэрмін у мазырскай калоніі №20. Амаль адразу па прыбыцці яго змясцілі ў ШІЗА.
А пасля гэтага праваабаронцы даведаліся, што на Камароўскага пачалі новую крымінальную справу паводле арт. 369 КК (абраза міліцыянта) — ён нібыта пакінуў абразлівы каментар у чаце.
Цяпер палітвязня перавялі ў гродзенскую турму №1.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.