На мяжы з Украінай дзейнічае "дзіцячы памежны атрад"

"Дзіцячы памежны атрад" на Гомельшчыне / ctv.by
У Гомельскім раёне на мяжы з Украінай дзейнічае "дзіцячы памежны атрад". Падлеткаў нават паказалі са зброяй на дзяржаўным тэлеканале.
Гуляць у памежнікаў школьнікі вёскі Глыбоцкае пачалі яшчэ ў 2022 годзе. Апекавацца імі сталі рэальныя памежнікі. Як заўважыў сайт "Флагшток", праз тры гады дзейнасці атрада стала заўважна, што падлеткам раздалі форму з нашыўкамі памежнай службы і Гомельскага памежнага атрада, а таксама амуніцыю. На кепцы ў "камандзіра" школьнікаў з'явіўся вялізны сцяг СССР, а ў іншага на кіцелі можна заўважыць штосьці падобнае да расійскіх неафіцыйных медалёў з "Ваенгандлю" за ўдзел у вайне супраць Украіны — з георгіеўскай стужкай і літарай Z, сімваламі расійскай ваеннай агрэсіі.
У рэпартажы гаворыцца, камандуе "атрадам" 14-гадовы Данііл Чупрыс, вучань сярэдняй школы № 22 Гомеля. Трэніроўкі для дзяцей адбываюцца на тэрыторыі мясцовай заставы.
Раней газета Гомельскага аблвыканкама паведамляла, што хлопчык задумаў гэтую гульню пры падтрымцы бацькі Аляксандра Чупрыса і кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ №22 Таццяны Самкнулавай.
Падлетак з "медалямі" — Раман Атрошчанка з СШ №25 Гомеля. Ён сказаў, што форму атрымаў ад дзядзькі, які служыў у памежных войсках. У кадры ён з'яўляецца з аўтаматам на спіне, потым са зброяй паказалі 14-гадовага Данііла.
Намеснік начальніка памежнай заставы "Глыбоцкае" Юрый Касцяніч расказаў у кадры, што дзяцей нават бралі на патруляванне памежнай зоны.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.