На імя Лобава прыйшоў адказ з Мінгарвыканкама на восеньскі зварот

Паводле Мінгарвыканкама супраць перайменавання назвы станцыі метро "Плошча Леніна" было накіравана звыш 30 калектыўных лістоў, паведамляе прэс-служба Маладога Фронту.

Нагадаем, 7 лістапада 2010 года маладафронтаўцы збіралі подпісы на плошчы Незалежнасці. За адзін дзень было сабрана больш за 500 подпісаў за перайменаванне назвы станцыі метро "Плошча Леніна".

"Мы абураныя такім адказам Мінгарвыканкаму, улічваючы што МФ сабраў за дзень 500 подпісаў", — пракаментаваў Міхась Бутылін, паплечнік Эдуарда Лобава.

Маладафронтаўцы зазначаюць, што меркаванне грамадскасці і дэмакратычных арганізацыяў мінскія ўлады не ўлічваюць. Перайменаванне "плошчы Леніна" неаднаразова ўздымалася прыхільнікамі дэмакратычнага руху.

Маладафронтавец Эдуард Лобаў быў затрыманы 18 снежня 2010 года напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў разам з лідэрам МФ Змітром Дашкевічам. Юнакам інкрымінуюць "злоснае хуліганства".