Моцныя паводкі ў Тэхасе: загінулі прынамсі 50 чалавек

Тэхас / Eric Vryn / Getty Images
У амерыканскім штаце Тэхас не меней за 50 чалавек сталі ахвярамі паводкі, выкліканай рэкорднымі ліўнямі. 27 дзяўчынак, якія адпачывалі ў летніку каля ракі Гуадалупе, лічацца зніклымі без вестак, паведамляе DW.
"У акрузе Кер мы знайшлі 43 целы — 28 дарослых і 15 дзяцей", — паведаміў шэрыф Лары Лейта. Паводле яго слоў, яшчэ 7 чалавек знайшлі загінулымі ў суседніх акругах.
Лёс 27 дзяўчынак з летняга лагера, якія зніклі без вестак, застаецца невядомым, а асобы некалькіх загінулых дзяцей і дарослых пакуль не ўстаноўлены, удакладніў шэрыф. Большасць з прыкладна 750 дзяўчынак, што адпачывалі ў лагеры каля ракі Гуадалупе, удалося выратаваць, адзначыў Лейта.
Паводку справакавалі вельмі моцныя дажджы — узровень вады ў рацэ Гуадалупе за 45 хвілін у ноч на 4 ліпеня падняўся на 8 метраў. Мясцовыя сіноптыкі папярэджваюць пра новыя дажджы і магчымыя "лакальныя катастрафічныя" паводкі. Жыхарам рэкамендуюць "неадкладна дзейнічаць, каб выратаваць сваё жыццё".


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.