Мінюст ўзяўся за пасведчанні Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ)

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце ад 1 красавіка за подпісам начальніка Упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый міністэрства А. Кірычэнкі, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Зварот звязаны з нядаўнім затрыманнем у Гомелі сябра арганізацыі Алега Ражкова, у якога праваахоўныя органы забралі "для праверкі на сапраўднасць" пасведчанні БАЖ і МФЖ. 30 сакавіка пасведчанні журналісту вярнулі, але міжнароднай прэс-картай, як бачым, зацікавіўся Мінюст.

"Упершыню пытанне пра пасведчанне МФЖ паўстала ў часе слуханняў у Вярхоўным судзе з нагоды папярэджання БАЖ у 2010 годзе, — узгадвае намеснік старшыні БАЖ Андрэй Аляксандраў. — Прадстаўнік Мінюсту заявіў, што гэта прэс-карты не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі. Тады ж, нагадаем, і БАЖаўскія пасведчанні з надпісам „Прэса“ былі прызнаныя незаконнымі… Чарговая хваля праверак журналісцкіх пасведчанняў — гэта працяг даўняй палітыкі беларускіх уладаў, скіраванай на тое, каб не даць незалежным СМІ выконваць сваю працу і абмяжоўваць права грамадзян на свабодны распаўсюд і атрыманне інфармацыі".

"Я б хацеў нагадаць, што Венецыянская камісія, асацыяваным сябрам якой з’яўляецца і Беларусь, падрыхтавала афіцыйнае заключэнне з нагоды папярэджання БАЖ, — падкрэсліў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — Камісія палічыла, што настойлівая заклапочанасць Мінюсту сяброўскімі пасведчаннямі парушае адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод . Як бачым, Мінюст проста не зважае на заключэнне гэтага органа…"