Мінскае "Дынама" перамагло БАТЭ. Дапамог суддзя

19 красавіка ў пятым туры Вышэйшай лігі адбылося беларускае "класіко" / ФК БАТЭ
19 красавіка ў межах пятага тура Вышэйшай лігі былі згуляныя чатыры матчы. У Маладзечне мясцовы клуб пацярпеў разгромную паразу ад "Віцебска" — 0:4. "Маладзечна" прайграе пяты раз запар з пачатку чэмпіянату.
У Мінску "Арсенал" прымаў "Нёман" на штучным пакрыцці стадыёна на вуліцы Сямашкі. Гродзенцы ўпэўнена перамаглі — 2:0. Галоўны трэнер "Нёмана" Ігар Кавалевіч жорстка раскрытыкаваў якасць поля.
— Той футбол, што мы сёння бачылі, наўрад ці можна назваць футболам у поўным сэнсе слова. Гэта антыўмовы, у якіх складана нешта паказаць. Проста напярэдадні Вялікадня ў нас аказаліся мацнейшыя яйкі, і нам пашанцавала. Таму мы заслужылі гэтую перамогу, — сказаў Кавалевіч.

"Іслач" атрымала перамогу над "Нафтанам" — 3:0.
У цэнтральным матчы тура мінскае "Дынама" абыграла БАТЭ з лікам 2:1.
Клубу з Мінска дапамог суддзя, які не прызначыў пенальці ў іх браму пасля гульні абаронцы высока паднятай нагой.
21 красавіка пяты тур завершыцца двума матчамі:
"МЛ Віцебск" — "Смаргонь"
"Дынама-Брэст" — "Тарпеда-БелАЗ"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.