Мінгарсуд разгледзіць крымінальную справу пра няісныя "намібійскія алмазы"
У Мінскі гарадскі суд паступіла справа пра так званыя "намібійскія алмазы". Суд павінен вызначыць тэрытарыяльную падсуднасць трох асоб, якіх вінавацяць у махлярстве, учыненым арганізаванай групай, у асабліва буйным памеры.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на следчых, зламыснікі выманьвалі ў грамадзян буйныя сумы, прапаноўваючы купіць алмазы з Афрыкі. План падману грамадзян распрацаваў 51-гадовы жыхар Гродзеншчыны. Яго саўдзельнікамі сталі яшчэ 39-гадовы і 38-гадовы мужчыны. Уяўныя гандляры распаўсюджвалі фальшывыя звесткі, быццам маюць сувязі з асобамі, якія займаюцца здабычай і продажам алмазаў у Афрыцы.
Для тых пакупнікоў, якія выказвалі сумневы, ашуканцы нават ладзілі паездкі ў Намібію і Уганду, каб прадэманстраваць прапанаваныя каштоўныя камяні. Пасля атрымання грошай зламыснікі абвінавачвалі пакупнікоў у парушэнні дамоваў. У адным выпадку яны нават арганізавалі фальшывае затрыманне аднаго з пацярпелых праваахоўнікамі Уганды. За яго "вызваленне з турмы" мужчыны нават спрабавалі атрымаць ад жонкі выкуп.
Па звестках праваахоўнікаў, схема выкарыстоўвалася ашуканцамі з 2011 па 2014 гады.
Па крымінальнай справе выяўленыя 11 пацярпелых. Агульная сума шкоды ў эквіваленце ацэньваецца ў больш чым 700 тысяч долараў.