Мінчука, які спрабаваў уступіць у полк Каліноўскага, затрымаў ГУБАЗіК

Кайданкі, ілюстрацыйнае фота

Кайданкі, ілюстрацыйнае фота / sb.by

ГУБАЗіК затрымаў 20-гадовага мінчука, які спрабаваў уступіць у полк Каліноўскага, які ў Беларусі абвешчаны "тэрарыстычнай арганізацыяй".

Як піша прэс-служба Следчага камітэта, сёлета ўвесну малады чалавек вырашыў далучыцца да каліноўцаў і даслаў ім заяўку.

"Устаноўлена, што фігурант прадаставіў фатаграфію пашпартных даных у чат-бот тэрарыстаў і выказаў гатоўнасць да ўдзелу ў баявых дзеяннях. Заяўка была прынятая, аднак яго планы спынілі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС", — заявілі ў СК.

Таксама маладога чалавека вінавацяць у "прапагандзе нацызму". Маўляў, яго "цікавіў погляд на Другую сусветную вайну вачыма прадстаўнікоў Трэцяга рэйха, у сувязі чым ён шукаў адпаведныя тэматычныя супольнасці". У інтэрнэце ён напаткаў пасты і ролікі 35-гадовага мужчыны, якога раней затрымалі за рэабілітацыю нацызму. Як заяўляюць следчыя, хлопец "размяшчаў у каментарах пад публікацыямі фатаграфіі беларусаў з партрэтамі Гітлера і нацысцкай сімволікай, якія нібыта выказваюць падтрымку і ўхваленне ідэй фашызму, ствараючы такім чынам пераканаўчы, але хлуслівы кантэнт". За гэта ў Следчым камітэце маладога чалавека вінавацяць у "прапагандзе нацысцкай нянавісці і скажэнні гістарычнай праўды".

Мінчука адправілі ў СІЗА. Паведамляецца, што абвінавачанні яму выставілі толькі ў рэабілітацыі нацызму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.