Макей і Лаўроў абмяркуюць у Маскве сітуацыю з Сафіяй Сапега
Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў абмяркуюць у Маскве сітуацыю з Сафіяй Сапега. Пра гэта ў чацвер у праграме "Спецыяльны госць" на тэлеканале RTVI заявіла афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава. Паводле яе слоў, Макей ужо прыляцеў у расійскую сталіцу (і даведаўся ад Лаўрова пра вынікі сустрэчы Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна ў Жэневе). Перамовы ў МЗС Расіі пройдуць 18 чэрвеня, пра іх было вядома раней. Захарава ўдакладніла, што сярод тэмаў абмеркавання будзе сітуацыя з расійскай грамадзянкай, якая знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску.
Марыя Захарава сцвярджае, што Сафія Сапега мае "неабходнае садзейнічанне" з расійскага боку, а дыпламаты РФ яе наведваюць, "знаходзяцца на сувязі з адвакатам" і з беларускімі ўладамі.
Сафія Сапега разам з Раманам Пратасевічам была затрымана пасля пасадкі ў Мінску пасажырскага самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Беларускімі праваабаронцамі яна прызнаная палітзняволенай. Яе вінавацяць у тым, што была адміністратаркай Telegram-канала, у якім публікаваліся персанальныя даныя беларускіх сілавікоў ("распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці"). Таксама ёсць звесткі, што расіянку падазраюць паводле артыкула "арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".