Лукашэнку павіншаваў прэзідэнт Грузіі Кавелашвілі

Міхаіл Кавелашвілі

Міхаіл Кавелашвілі / MikheilKavelashviliOfficial / Facebook

Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Кавелашвілі павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з "абраннем" на пасаду прэзідэнта. Пра гэтае віншаванне паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Кавелашвілі падзякаваў Лукашэнку за тое, што той павіншаваў яго з абраннем на пасаду прэзідэнта Грузіі. Ён выказаў надзею на развіццё адносін паміж Грузіяй і Беларуссю і заявіў, што асновай супрацы з'яўляецца ўзаемная павага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці.

"Узаемная павага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці з'яўляецца найважнейшым падмуркам нашага супрацоўніцтва і адносін паміж нашымі народамі. Спадзяюся, што грузінска-беларускія адносіны будуць развівацца на карысць нашых краін і народаў", — гаворыцца ў звароце.

Як паведамлялася раней, у верасні 2022 года Лукашэнка наведаў непрызнаную рэспубліку Абхазію — Грузія лічыць яе тэрыторыяй, акупаванай Расіяй. У 2023 годзе ў Мінску Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком Абхазіі Асланам Бжаніяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.